На рэалізацыю найважнейшых інавацыйных праектаў у Беларусі будзе накіравана ў 2011-2015 гадах Br57,4 трлн.
1.6.20110 праглядаў
1 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Па дзяржаўнай праграме інавацыйнага развіцця на 2011-2015 гады ў Беларусі будзе рэалізавана 235 інавацыйных праектаў. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА.
Агульная сума выдаткаў на рэалізацыю інавацыйных праектаў, уключаных у пералік найважнейшых праектаў па стварэнні новых прадпрыемстваў і вытворчасцей, якія маюць вызначальнае значэнне для інавацыйнага развіцця Беларусі, складае Br57,4 трлн., уключаючы сродкі рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, уласныя сродкі арганізацый, крэдыты беларускіх банкаў, пазыковыя сродкі арганізацый, замежныя інвестыцыі, якія будуць удакладняцца пры распрацоўцы плана рэалізацыі. Пры гэтым Міхаіл Мясніковіч падкрэсліў, што бюджэтнае фінансаванне складае парадку 15-17%. У асноўным разлік зроблены на прамыя замежныя інвестыцыі і крэдытныя рэсурсы.
"Трэба прама сказаць, што мы з гэтай праграмай вельмі доўга пакутавалі. Хацелася б, каб гэта была сапраўды праграма інавацыйнага развіцця, а не проста тэхнічнае пераўзбраенне шэрагу прадпрыемстваў, якое мы часам выдаём за інавацыі", - сказаў Міхаіл Мясніковіч.
Па яго словах, пры падрыхтоўцы дакумента ішлі дастаткова ажыўленыя дыскусіі з нагоды таго, што ж усё-такі павінна трапіць у праграму. "І мы спыніліся, што гэта могуць быць як прынцыпова новыя праекты ў свеце, так і праекты, новыя для краіны", - сказаў прэм'ер-міністр.
"Усе праекты папярэдне прапрацаваны. Там фактычна ахоплены ўвесь спектр нашай эканомікі. У першую чаргу ўдзяляецца ўвага складаным праектам, напрыклад, у фармацэўтычнай галіне, мікрабіялогіі, мікраэлектроніцы. Але мы ў гэтым плане не забыліся і традыцыйныя нашы галіны - машынабудаванне, металургічная вытворчасць, нетра. Гэта не значыць, што там прымяняюцца толькі традыцыйныя падыходы і тэхналогіі чацвёртага ці нават трэцяга тэхналагічнага ўкладу. Сёння пяты-шосты тэхналагічны ўклад павінен прысутнічаць і ў машынабудаванні, каб фізічную працу чалавека звесці да мінімуму і за кошт сістэмнай аўтаматызацыі палепшыць прадукцыйнасць і якасць працы", - падкрэсліў кіраўнік беларускага ўрада.
"Праграма няпростая. Яна дастаткова напружаная, але цікавая для інвестараў, таму што заяўка зроблена на сусветны ўзровень. За кошт гэтага мы думаем павысіць прывабнасць і нацыянальнай эканомікі ў цэлым", - дадаў Міхаіл Мясніковіч.
"Паводле водгукаў, якія мы атрымалі ад нашых калег па Мытным саюзе, па далёкім замежжы, цікавасць да гэтых праектаў ёсць. У прыватнасці, цікавыя прапановы паступілі ад расійскіх партнёраў. У суботу мы правядзём чарговы вялікі тур перамоваў у галіне металургічнай вытворчасці і іншых прадпрыемстваў. Таксама ў нас вельмі добрая перспектыва супрацоўніцтва з Украінай, - сказаў прэм'ер-міністр. - Дастаткова добрыя прапановы паступаюць ад краін старой Еўропы (Італіі, Вялікабрытаніі, Германіі, Люксембурга, Аўстрыі), якія маюць канкрэтныя прапановы і цікавасць да нашых прадпрыемстваў з улікам перспектыў іх развіцця".-0-
БЕЛТА