14 сакавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. На рэканструкцыю аб'ектаў воінскай славы ў Віцебскай вобласці ў 2012 годзе накіруюць Br1 млрд. Аб гэтым паведаміў сёння на ўрачыстым пленуме Віцебскай абласной арганізацыі ветэранаў, прысвечаным 25-годдзю ветэранскага руху ў рэгіёне, старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Аляксандр Ацясаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА. За кошт выдзеленых сродкаў трэба будзе правесці добраўпарадкаванне брацкіх магіл у аграгарадку Астроўна Бешанковіцкага раёна, на воінскіх могілках па вуліцы Цітова ў Віцебску, на мемарыяльным комплексе ва ўрочышчы Борак у Глыбоцкім раёне, аб'ектах воінскай славы ў Дубровенскім, Гарадоцкім, Лёзненскім, Мёрскім, Расонскім, Сянненскім, Полацкім, Ушацкім раёнах і Оршы. "Ветэраны з'яўляюцца яркім прыкладам служэння і любові да Радзімы, а іх грамадзянскі прыклад - гэта высакародны маральны арыенцір для іншых пакаленняў і перш за ўсё для маладых людзей. Менавіта вы, прадстаўнікі старэйшага пакалення, сёння з'яўляецеся асноўнымі захоўнікамі нашай духоўнай спадчыны, захоўваеце пераемнасць традыцый", - падкрэсліў Аляксандр Ацясаў. Ён адзначыў, што ветэранская арганізацыя прадстаўляе інтарэсы больш чым чвэрці жыхароў Віцебскай вобласці. Клопат аб ветэранах, іх сацыяльная абарона з'яўляюцца найважнейшым напрамкам сацыяльнай палітыкі дзяржавы. Кіраўніцтва краіны і мясцовыя органы ўлады праяўляюць максімум увагі ў адносінах да ветэранаў, каб вырашыць праблемы, падтрымаць у цяжкія хвіліны, аказаць неабходную дапамогу. У Віцебскай вобласці кожны чацвёрты жыхар - пенсіянер. З 300 тыс. пажылых грамадзян 20,5 тыс. - адзінокія, 104 тыс. пражываюць асобна ад дзяцей і блізкіх сваякоў.