У актавай зале раённага дома культуры адбылася яшчэ адна знакавая для многіх маладых лепельчан падзея – ім уручылі павесткі для прызыву на тэрміновую вайсковую службу і службу ў рэзерве.

У актавай зале раённага дома культуры адбылася яшчэ адна знакавая для многіх маладых лепельчан падзея – ім уручылі павесткі для прызыву на тэрміновую вайсковую службу і службу ў рэзерве. Усяго ў бягучы прызыў у воінскія часці будуць накіраваны 49 прызыўнікоў з Лепельскага раёна.

 Найбольшай папулярнасцю карыстаюцца часці сіл спецыяльных аперацый: 103-я Віцебская гвардзейская асобная мабільная брыгада, 5-ая асобная брыгада спецыяльнага прызначэння і 1-ая асобная спецыяльная мабільная брыгада ўнутраных войскаў МУС. Каб стаць салдатамі любой з гэтых часцей, трэба адпавядаць павышаным патрабаванням: мець выдатнае здароўе, валодаць высокімі маральна-дзелавымі якасцямі, не мець прыводаў у міліцыю, а тым больш – судзімасцяў. У сілы спецыяльных аперацый у бягучы прызыў выбраны 15 хлопцаў, сярод іх Аляксандр Латушкін, Дзмітрый Іваноўскі, Віктар Арынахін, Аляксандр Урбан, Максім Кузьмянкоў, Яўген Іваноў.

З не меншай ахвотай служаць лепельчане ў часцях Заслонаўскага гарнізона. Пра іх службу выказаліся прадстаўнікі 231-ай артылерыйскай брыгады, 427-га рэактыўнага артылерыйскага палка, 3609-га артылерыйскага склада боепрыпасаў. Ад камандавання гэтых часцей была выказана падзяка Наталлі Іванаўне Гайко, маці наводчыка яфрэйтара Міхаіла Гайко; Юрыю Уладзіміравічу і Галіне Мікалаеўне Залатухам, бацькам механіка-вадзіцеля радавога Руслана Залатухі; Аляксандру Аляксандравічу і Ганне Рыгораўне Канопкам, бацькам камандзіра аддзялення радавога Яўгена Канопкі; Ірыне Уладзіміраўне Ярмаш, маці вадзіцеля радавога Ігара Ярмаша; Аляксандру Васільевічу і Алене Сцяпанаўне Ліпіным, бацькам камандзіра аддзялення сяржанта Яўгена Ліпіна. Хлопцы ўжо служаць у арміі, выдатна праявілі сябе ў справе авалодання баявой тэхнікай.

На ўрачыстасцях прывітальнае слова прамовіў старшыня прызыўной камісіі Лепельскага раёна, намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Нікіцін, пра святы абавязак абароны Айчыны нагадаў і святар Сергій Ляшкевіч.
 Законам Рэспублікі Беларусь “Аб статусе ваеннаслужачага” прызыўнікам прадугледжаны многія сацыяльныя гарантыі. Аднак і акрамя гэтага кіраўніцтва прадпрыемстваў, з якіх прызываюцца маладыя людзі, прыняло рашэнні аб уручэнні ім памятных падарункаў.