У Віцебску сёння заклалі Алею Славы ў гонар 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Асноўным аб'ектам суботніка ў абласным цэнтры з удзелам старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Андрэйчанкі, кіраўніцтва вобласці і горада стаў парк 1000-годдзя Віцебска за Палацам спорту. Тут больш за 140 удзельнікаў акцыі ўсталёўвалі бардзюры, укладвалі плітку, займаліся азеляненнем тэрыторыі. Таксама была закладзена Алея Славы ў гонар 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Уздоўж пешаходных дарожак высадзілі каля 500 дрэў, усталявалі памятны знак.
"На малой радзіме прыемна бываць. Віцебшчына для мяне заўсёды была роднай і такой застаецца. Маё жыццё звязана з гэтым рэгіёнам. Кем бы ты ні стаў і дзе б ты ні быў, трэба памятаць, адкуль ты выйшаў, - сказаў Уладзімір Андрэйчанка. - Суботнік у Беларусі - гэта не разавая акцыя, а складзеная традыцыя, якая аб'ядноўвае грамадства".
Добраўпарадкаванне парка будзе працягнута. У будучыні тут з'явяцца веладарожкі, малыя архітэктурныя формы, усяго высадзяць больш за 1000 дрэў і кустоў. Для абароны ад вандалаў тут усталявана відэаназіранне. "Плошча парка больш за 19 га, толькі працягласць пешаходных дарожак звыш 4 км. Спецыялісты стараліся пры іх праектаванні ўлічыць сцежкі, якія былі пракладзены жыхарамі мікрараёна. Гэта будзе цудоўнае месца адпачынку. Спадзяюся, што асноўныя работы выканаем у гэтым годзе", - адзначыў старшыня Віцебскага гарвыканкама Віктар Нікалайкін.
Мэр дадаў, што з часам тут могуць з'явіцца дзіцячыя атракцыёны, летняя сцэна і іншыя аб'екты для забаў.