Гэтая схема ашуканства не новая, але, як паказвае практыка, да гэтага часу працуе.
Сутнасць такога віду махлярства заключаецца ў тым, што зламыснікі збіраюць звесткі аб работніках дзяржаўных органаў. Як правіла, інфармацыю бяруць з адкрытых крыніц і афіцыйных сайтаў выканкамаў. Затым рэгіструюць уліковыя запісы ў розных мэсэнджарах, часцяком у Telegram, WhatsApp або Viber. Пры стварэнні падробнага акаўнта яны ўказваюць прозвішча, імя і імя па бацьку кіраўніка, дадаюць яго фатаграфію.
А далей злачынцы тэлефануюць альбо пачынаюць весці асабістую перапіску ад імя кіраўніцтва, сутнасць якой зводзіцца да ціску і аказання лёгкага запалохвання ахвяры. Пацярпелым паведамляецца, што яны не з'явіліся на нараду, падазраюцца і заўважаны ў супрацьпраўных дзеяннях, альбо ў дачыненні да іх здзяйсняюцца такія дзеянні. Каб прадухіліць або ўладжваць сітуацыю, варта пагаварыць з «супрацоўнікам» праваахоўных органаў (МУС, КДБ, КДК, СК), які неўзабаве выйдзе на сувязь.
Пасля неадкладна паступае званок ад ілжэміліцыянера, які ў ходзе дыялогу просіць прытрымлівацца адной з інструкцый: спампаваць дадатак выдаленага доступу, часцей за ўсё гэта AnyDesk і RustDesk; прадаставіць рэквізіты сваёй банкаўскай плацежнай карты (сфатаграфаваць банкаўскую плацежную карту, даслаць нумар або код); даслаць пашпартныя дадзеныя; перавесці грашовыя сродкі на абаронены банкаўскі рахунак.
Варта адзначыць, што махляры могуць тэлефанаваць або весці перапіску як з замежных нумароў, так і з беларускіх, доступ да якіх яны раней выкралі.
Калі вам паступіла такое паведамленне, не трэба адразу прытрымлівацца інструкцый. Неадкладна скончыце размову, пастаўце ў вядомасць вашага непасрэднага кіраўніка альбо ператэлефануйце ў дзяржаўны орган. Памятайце, што па тэлефоне суразмоўнік можа прадстаўляцца кім заўгодна. Таму ніколі не паведамляйце незнаёмым людзям канфідэнцыйныя дадзеныя.