16 студзеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. На ўстаноўку святлафорных аб'ектаў у Віцебску ў 2013 годзе накіруюць Br1 млрд., паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама. Сродкі будуць выдзелены з абласнога бюджэту. Святлафорныя аб'екты, якія ўсталююць за іх кошт, будуць абсталяваны на нерэгулюемых пешаходных пераходах каля крамы "Ніка" па праспекце Фрунзе, крамы "Вулкан" па вуліцы П.Броўкі і каля Лядовага палаца па праспекце Будаўнікоў. У выпадку поўнага асваення выдзеленых рэсурсаў у ДАІ не выключылі магчымасці дадатковага фінансавання на абсталяванне дадзенай тэхнікай іншых праблемных участкаў абласнога цэнтра. У Віцебску зараз функцыянуе 90 святлафорных аб'ектаў, абсталяваных на скрыжаваннях і пешаходных пераходах. Шэсць з іх, а таксама 39 штучных няроўнасцей з'явіліся ў мінулым годзе. Устаноўка дадзеных аб'ектаў з'яўляецца эфектыўнай мерай па зніжэнні аварыйнасці, адзначылі супрацоўнікі. Упраўленне ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама ў 2013 годзе мае намер прыступіць да рэалізацыі яшчэ аднаго значнага праекта - абсталявання патрульных машын відэарэгістратарамі. На кожны раён вобласці плануецца набыць не менш за 15 адзінак дадзенай тэхнікі.-0-

БЕЛТА