У краіне працягваецца вакцынацыя супраць каранавіруса, у кожным рэгіёне плануецца стварыць імунную праслойку, а значыць – абараніць не менш за 60 працэнтаў жыхароў.
У краіне працягваецца вакцынацыя супраць каранавіруса, у кожным рэгіёне плануецца стварыць імунную праслойку, а значыць – абараніць не менш за 60 працэнтаў жыхароў. У якасці прыкладу служаць асабістыя гісторыі прышчэпленых, іх добрае самаадчуванне пасля працэдуры. Калі падвышаецца невялікая тэмпература, баліць месца ўколу ў плечавым суставе або з'яўляюцца іншыя невялікія недамаганні, нічога страшнага: гэтыя сімптомы як магчымыя пералічаны ў інструкцыі да ўжывання. Ніякіх сюрпрызаў ні расійскі, ні кітайскі прэпараты, якімі ў нашай краіне і праводзіцца масавая прафілактычная кампанія, не паднеслі.
Антывакцынальнае лобі, якое, як рэакцыя на любую навінку, часам праяўляецца сярод скептыкаў, мае месца. Аднак асцярогі беспадстаўныя, пра гэта кажуць пацыенты і ўрачы, якія выпрабавалі абарону на сабе. Нагадаем, сярод іншых «Спутнікам V» прышчапіўся народны лекар Беларусі, галоўны пазаштатны інфекцыяніст Міністэрства аховы здароўя, доктар медыцынскіх навук, прафесар, загадчык кафедры інфекцыйных хвароб БДМУ Ігар Карпаў. Пры гэтым і кітайская вакцына, па яго словах, працуе выдатна, гіпертэрмічныя рэакцыі для яе менш характэрныя, чым для «Спутник V». Але расійская – з высокай гарантыяй выпрацоўкі імунітэту (91 працэнт).
– Працуем у ранейшым рэжыме, перавага аддаецца медыкам, сацыяльным работнікам і супрацоўнікам устаноў адукацыі, а таксама пачалі прывіваць людзей ва ўзросце 61 года і старэй, якія маюць хранічныя захворванні, – каментуе намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама Людміла Кавалева. – Фарміруюцца спісы жадаючых з катэгорый, якія не лічацца ўразлівымі. Прыступілі да іх абароны.