24 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Цэнтрвыбаркам Беларусі падвёў сёння афіцыйныя вынікі мінулых 19 снежня прэзідэнцкіх выбараў. За дзейнага кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнку аддалі свае галасы 79,65% выбаршчыкаў, якія прынялі ўдзел у выбарах. Такія даныя агучаны сёння на пасяджэнні Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Згодна з афіцыйнымі вынікамі галасавання, на выбарах Прэзідэнта Беларусі перамог Аляксандр Лукашэнка, набраўшы 79,65% галасоў. За Рыгора Кастусёва аддалі свае галасы 1,97% выбаршчыкаў, за Аляксея Міхалевіча - 1,02%, за Уладзіміра Някляева - 1,78%, за Яраслава Раманчука - 1,98%, за Віталя Рымашэўскага - 1,09%, за Андрэя Саннікава - 2,43%, за Мікалая Статкевіча - 1,05%, за Віктара Церашчанку - 1,19%, за Дзмітрыя Уса - 0,39%. Супраць усіх прагаласавалі 6,47% выбаршчыкаў. Паводле даных ЦВК, яўка на мінулых выбарах склала 90,65%. Члены Цэнтрвыбаркама адхілілі скаргу, пададзеную ў ЦВК адным з кандыдатаў у прэзідэнты, і адмовілі яму ў прызнанні мінулых выбараў несапраўднымі, паколькі ў Цэнтрвыбаркам не было прадстаўлена фактаў і доказаў, якія сведчаць аб тым, што дапушчаны парушэнні, здольныя паўплываць на агульныя вынікі выбараў. Сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік, падводзячы вынікі выбараў, падкрэсліў, што цяперашняя выбарчая кампанія ў цэлым "прайшла спакойна і арганізавана. Шмат у чым яна была значна больш ліберальнай, чым папярэднія выбары, дзякуючы прынятым папраўкам у выбарчае заканадаўства". За выбарамі назіралі 39 тыс. унутраных і больш за 1 тыс. замежных назіральнікаў, большасць з якіх высока ацанілі арганізацыю выбарчага працэсу ў Беларусі. Асобныя парушэнні і недахопы ў працэсе выбарчай кампаніі не мелі сістэмнага і масавага характару і не паўплывалі на вынікі выбараў.-Э-

БЕЛТА