Бадай, нават у Белавежскай пушчы не сустрэнеш такога зубра-велікана, як у «Лясной казцы», што ў Верхнядзвінскім раёне. Праўда, постаць ляснога гіганта, як і казачнага цмока, тут драўляная, затое іншыя насельнікі міні-заапарка, створанага Верхнядзвінскім лясгасам, цалкам рэальныя. Тут можна сустрэць унікальнага самца лані: з лістапада і да вясны ён трымаецца паблізу вальераў, хоць ніхто яго не прымушае. Людзей спакойна падпускае да сябе на дзесяць метраў. Яшчэ адна ініцыятыва лясгаса ў навагоднія дні — адкрыццё рэзідэнцыі мясцовага Дзядулі Мароза, Траскуна Верхнядзвінскага. Траскун Верхнядзвінскі чакае гасцей.
Вось цуды: звычайна, заўважыўшы людзей, дзікія жывёлы імкнуцца схавацца з вачэй, аднак у «Лясной казцы» роўна наадварот. Самец аленя высакароднага Лёша адразу накіроўваецца да сеткі. Чакае пачастункаў.

— Першапачаткова міні-заапарк мы арганізавалі для мясцовых дзяцей, але прыязджаюць наведвальнікі з усёй рэспублікі, а дзякуючы бязвізавым рэжыме шмат жыхароў Латвіі, — знаёміць з «Лясной казкай» намеснік кіраўніка арганізацыі па ідэалагічнай рабоце Юрый Венгер. — Агульная плошча каля 2 гектараў, усяго чатыры вальеры. Людзям падабаецца, што можна пакарміць жывёл, убачыць іх зблізку.