27 лютага, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Назіраць за вучэннямі супрацоўнікаў МНС Віцебскай вобласці цяпер можна ў анлайн-рэжыме, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Марына Фандо.

Першая пробная анлайн-трансляцыя была паспяхова апрабавана ў пачатку лютага падчас правядзення міжнародных вучэнняў. Сёння ў рэжыме рэальнага часу праз Інтэрнэт на афіцыйным сайце Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС а 10.00 пачнецца прамая трансляцыя падзей з тэрыторыі аэрапорта "Віцебск", дзе пройдуць тактыка-спецыяльныя вучэнні па адпрацоўцы дзеянняў пры ліквідацыі магчымых надзвычайных сітуацый. Ратавальнікі, а таксама супрацоўнікі яшчэ больш за дзесяць прыцягнутых арганізацый рэгіёну будуць адпрацоўваць узаемадзеянне і выкананне іншых неадкладных работ на месцы выбуху газавага балона, абвальвання будаўнічых канструкцый другога паверха адміністрацыйнага будынка ДП "Белаэранавігацыя" і пры ліквідацыі пажару ў ангары філіяла РУП "Беллесавія МНС".

У цяперашні час на сайце Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС аператыўна размяшчаецца ўся актуальная інфармацыя, а таксама фота- і відэаматэрыялы аб здарэннях у вобласці, звязаных з яго дзейнасцю. Укараненне анлайн-трансляцый стала заканамерным крокам у такой працы, адзначыла Марына Фандо, падкрэсліўшы, што гэта дазволіць больш шырокаму колу людзей пазнаёміцца з працай ратавальнікаў, а таксама будзе спрыяць папулярызацыі дадзенай прафесіі.-0-

Навіны Беларусі (БЕЛТА)