28 кастрычніка, Гродна /Алена Стасюкевіч - БЕЛТА/. Назіральнікі ад СНД за выбарамі Прэзідэнта Беларусі прыступілі да працы ў Гродзенскай вобласці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Гродзенскай абласной камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Сёння назіральнікі знаёмяцца з арганізацыяй выбарчай кампаніі ў Гродзенскім раёне. У прыватнасці, яны наведалі месцы, дзе будуць знаходзіцца ўчасткі для галасавання, пазнаёміліся з тэрытарыяльнымі камісіямі. Назіральнікі адзначылі, што для арганізацыі ўчасткаў выбраны камфортныя месцы, высока ацанілі прафесіяналізм членаў камісій. Члены місіі СНД таксама сустрэліся з прадстаўнікамі ініцыятыўных груп чатырох кандыдатаў у прэзідэнты, заўваг ад іх не паступіла. У Гродзенскай вобласці ўтворана 730 участкаў для галасавання на прэзідэнцкіх выбарах. У тым ліку 45 участкаў размешчаны на тэрыторыі бальніц, санаторыяў, дамоў адпачынку, 5 участкаў - у воінскіх часцях. У рэгіёне сфарміраваны 20 тэрытарыяльных камісій па выбарах Прэзідэнта, у склад якіх увайшлі 258 чалавек. Мясцовыя органы ўлады ўсіх узроўняў пастараліся максімальна спрасціць збор подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты. Абмежаванне на пікетаванне распаўсюджваецца толькі на месцы, дзе іх правядзенне ўяўляе небяспеку для жыцця і здароўя грамадзян, а таксама там, дзе пікеты перашкаджаюць працы прадпрыемстваў, арганізацый і грамадскаму руху. Па 31 кастрычніка ўключна палітычныя партыі, грамадскія аб'яднанні, працоўныя калектывы і грамадзяне могуць вылучаць кандыдатуры для ўключэння ў склад участковых камісій. Утварэнне такіх камісій працягнецца да 3 лістапада. Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прызначаны на 19 снежня 2010 года.-0-

БЕЛТА