27 жніўня, Віцебск /Алена Ціханава - БЕЛТА/. Рок-фестываль збярэ 30 жніўня ў Наваполацку 25 музычных калектываў з рэгіёнаў Беларусі, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА старшыня Наваполацкай гарадской арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Белая Русь", намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Вадзім Дзевятоўскі.

Гэта ўжо трэці рок-фестываль, які пройдзе ў Наваполацку падчас акцыі "Музычныя вечары "Белай Русі". "Наваполацк - малады студэнцкі горад, што і абумоўлівае цікавасць да гэтага музычнага напрамку. Першае свята року адбылося ў горадзе тры гады таму і ў ім бралі ўдзел каля дзясятка гуртоў. Летась колькасць калектываў вырасла амаль удвая, а цяпер мы ўжо не можам прыняць усіх жадаючых. Заяўкі на ўдзел прыходзяць з беларускіх рэгіёнаў, а таксама з суседняй Расіі. Прыярытэт аддаём айчынным калектывам, бо галоўная мэта фестывалю - падтрымка маладых таленавітых музыкантаў. Удзел у гэтым мерапрыемстве можа стаць добрай стартавай пляцоўкай для пачаткоўцаў рок-музыкантаў. Сярод удзельнікаў сёлетняга фестывалю каля паловы складаюць прадстаўнікі Полацкага рэгіёну, будуць таксама вядомыя гурты са сталіцы і прадстаўнікі іншых рэгіёнаў краіны", - растлумачыў суразмоўца.

Ён дадаў, што фестываль праходзіць пры інфармацыйнай падтрымцы тэлевізійнага канала "БелМузТВ", а генеральным спонсарам мерапрыемства выступае пітная вада "Баравая". "І гэта не выпадкова. Фестываль праходзіць напярэдадні Дня ведаў і хочацца нагадаць моладзі пра тое, што здароўе - адна з галоўных каштоўнасцей", - сказаў Вадзім Дзевятоўскі.-0-

 

 

Навіны Беларусі (БЕЛТА)