Пачалося будаўніцтва парагазавых блокаў магутнасцю 400 МВт на Беразьвецкай і Лукомскай ГРЭС
22.12.20110 праглядаў
22 снежня, Мінск /Ганна Кот - БЕЛТА/. Пачалося будаўніцтва парагазавых блокаў магутнасцю 400 МВт на Бярозаўскай і Лукомскай ГРЭС, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў ГПА "Белэнерга".
Архітэктурныя праекты для будаўніцтва парагазавых блокаў магутнасцю 400 МВт на Бярозаўскай і Лукомскай ГРЭС, распрацаваныя кітайскім бокам, паспяхова прайшлі экспертызу. "У адпаведнасці з графікам пачаты работы па ўладкаванні паля падмуркавых апор, што дазволіць ажыццявіць заліўку бетону ў маі 2012 года", - удакладнілі ў аб'яднанні.
Увод аб'ектаў у эксплуатацыю запланаваны на 2014 год. Кантракты па будаўніцтве аб'екта "пад ключ" паміж РУП "Брэстэнерго", РУП "Віцебскэнерго" і кампаніяй СМЕС (Кітайская машынабудаўнічая інжынірынгавая карпарацыя) падпісаны ў снежні 2010 года. Кантракты на комплекснае будаўніцтва і камплектацыю парагазавых установак на 85% будуць фінансавацца за кошт сродкаў льготнага пакупніцкага крэдыту Экспартна-імпартнага банка Кітая (Эксімбанка).
Будаўніцтва двух блокаў ПГУ-400 на Лукомскай і Бярозаўскай ГРЭС з вывадам з эксплуатацыі неэфектыўнага абсталявання прадугледжана стратэгіяй развіцця энергетычнага патэнцыялу Беларусі, разлічанай на перыяд да канца 2020 года. Дзякуючы рэалізацыі праектаў будзе абноўлена генерацыйнае абсталяванне і павышана эфектыўнасць работы электрастанцый у цэлым.
Лукомская ГРЭС з'яўляецца філіялам РУП "Віцебскэнерго" ГПА "Белэнерга". На станцыі налічваецца восем энергетычных блокаў. Усталяваная магутнасць Лукомскай ГРЭС - 2459,5 МВт, што складае больш за 30% усталяванай магутнасці ўсёй энергасістэмы Беларусі. Улетку (перыяд найбольшай загрузкі магутнасцей станцыі) яна выпрацоўвае каля 60% электраэнергіі, якая выпрацоўваецца ў рэспубліцы.
Бярозаўская ГРЭС адносіцца да РУП "Брэстэнерго" ГПА "Белэнерга". Першы блок станцыі магутнасцю 160 МВт быў пушчаны ў 1961 годзе. Усяго ГРЭС налічвае шэсць энергетычных блокаў. Усталяваная магутнасць станцыі - 1060 МВт. У 2003 годзе на ГРЭС завяршылася рэканструкцыя з унядрэннем парагазавага цыклу блока №4, а ў 2005 годзе - блока №3. У 2011 годзе плануецца завяршыць рэканструкцыю блока №5.
У бягучай пяцігодцы ДВА "Белэнерга" плануе ўвесці 3150 МВт высокаэфектыўных электрычных магутнасцей замест 2336 МВт састарэлых. Сярод новых магутнасцей - парагазавыя энергаблокі на Лукомскай і Бярозаўскай ГРЭС адзінкавай магутнасцю 400 МВт, Мінскай ТЭЦ-5 (399 МВт); газавыя надбудовы парасілавога абсталявання магутнасцю 70 МВт на Віцебскай і Наваполацкай ТЭЦ, Бабруйскай ТЭЦ-2, парагазавыя энергаблокі магутнасцю 64 і 15 МВт адпаведна на базе існуючых кацельняў у Барысаве і Магілёве. Для зніжэння долі прыроднага газу ў паліўным балансе прадугледжана будаўніцтва вугальнай Зэльвенскай КЭС, а таксама ўстаноўка энергамодуляў на мясцовых відах паліва на існуючых кацельнях. У выніку да канца пяцігодкі чакаецца зніжэнне удзельнага расходу паліва на 25-30 г/кВт.г, спажывання прыроднага газу - на 2,1 млрд.куб.м.
Сёння ў Беларусі адзначаюць Дзень энергетыка. 15 мая 2011 года споўнілася 80 гадоў з дня юрыдычнага заснавання Беларускай энергасістэмы.
Дзяржаўнае вытворчае аб'яднанне электраэнергетыкі "Белэнерга" створана ў 2006 годзе ў парадку рэарганізацыі Беларускага дзяржаўнага энергетычнага канцэрна для кіравання гаспадарчай дзейнасцю электраэнергетычнага комплексу Беларусі. У склад "Белэнерга" ўваходзяць у тым ліку рэспубліканскія ўнітарныя прадпрыемствы "Брэстэнерга", "Віцебскэнерга", "Гомельэнерга", "Гроднаэнерга", "Мінскэнерга", "Магілёўэнерга".-0-
БЕЛТА