25 студзеня, Мінск /Ганна Кот - БЕЛТА/. Пачаты пастаўкі расійскай нафты на беларускія НПЗ, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў канцэрне "Белнафтахім". Перамовы аб умовах пастаўкі расійскай нафты ў Беларусь завяршыліся сёння ў Маскве. Іх вынікам стала заключэнне дагавораў аб пастаўках нафтавай сыравіны паміж беларускімі нафтаперапрацоўчымі заводамі і расійскімі нафтавымі кампаніямі. Па праекце паліўна-энергетычнага балансу Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі на 2011 год, узгодненаму бакамі ў снежні 2010 года, у Беларусь у бягучым годзе можа быць пастаўлена 21,7 млн.т нафты, у тым ліку 18 млн.т трубаправодным транспартам. Беларусь з 1 студзеня 2011 года павінна атрымліваць расійскую нафту і нафтапрадукты без пошлін і без абмежавання аб'ёмаў. Гэта прадугледжана Пагадненнем аб парадку выплаты і залічэння вывазных мытных пошлін (іншых пошлін, падаткаў і збораў, якія маюць эквівалентнае дзеянне) пры вывазе з тэрыторыі Беларусі за межы мытнай тэрыторыі Мытнага саюза нафты сырой і асобных катэгорый тавараў, выпрацаваных з нафты. Пагадненне аб фарміраванні Адзінай эканамічнай прасторы падпісана кіраўнікамі дзяржаў Мытнага саюза 9 снежня 2010 года. Дакумент быў ратыфікаваны Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі 21 снежня і адобраны Саветам Рэспублікі 22 снежня 2010 года. Пагадненнем устаноўлены новыя ўмовы пастаўкі нафты і нафтапрадуктаў у Беларусь. Урэгуляваны пытанні спагнання і пералічэння ў бюджэт Расіі вывазных мытных пошлін пры вывазе з тэрыторыі Беларусі за межы Мытнага саюза сырой нафты і асобных тавараў з вуглевадароднай сыравіны. Беларускі дзяржаўны канцэрн па нафце і хіміі "Белнафтахім" аб'ядноўвае больш за 60 арганізацый. На яго долю прыпадае звыш 30% прамысловай вытворчасці Беларусі. Прадпрыемствы канцэрна вырабляюць больш за 500 відаў нафтахімічнай і хімічнай прадукцыі. Каля 70% выпускаемай прадукцыі экспартуецца ў больш чым 100 краін.-0-

БЕЛТА