Штогод грып цыркулюе па пэўных біялагічных законах. Вірус, які выклікаў вясной уздым захворвання ў Паўднёва-Усходняй Азіі, восенню прыходзіць у Еўропу. Аналізуючы інфармацыю пра вірусы, медыкі ствараюць вакцыны супраць грыпу, які з'явіўся менавіта ў гэтым годзе.

 Больш за 7 тыс. жыхароў горада і раёна ўжо атрымалі прышчэпкі, чым надзейна абаранілі сябе ад гэтага захворвання і яго цяжкіх наступстваў. Аднак маецца яшчэ 150 доз вакцыны для правядзення прышчэпак насельніцтву супраць грыпу на платнай аснове. 900 доз вакцыны прызначаны для прышчэпак за кошт сродкаў прадпрыемстваў і ўстаноў. Кіраўнікі працоўных калектываў для зніжэння да мінімуму страт працоўнага часу, падтрымання здароўя сваіх работнікаў на належным узроўні, павінны забяспечыць вакцынацыю не менш за 30 працэнтаў ад іх агульнай колькасці.

 Аптымальныя тэрміны правядзення прышчэпак для найбольш эфектыўнай выпрацоўкі імунітэту да надыходзячага сезоннага ўздыму захворвання – кастрычнік-лістапад. Вакцынацыю можна зрабіць у паліклініцы УЗ “Лепельская ЦРБ” і ў сельскіх урачэбных амбулаторыях (Камень, Домжарыцы, Слабада, Заслонава, Бароўка, Весялова). Перад прышчэпкай аглядае лекар і дае дазвол на правядзенне гэтай прафілактычнай працэдуры. Забяспечваецца бяспечнае ўвядзенне вакцын і медыцынскае назіранне.

 Калі кіраўнік прадпрыемства або ўстановы вырашыў абараніць свой працоўны калектыў ад грыпу, захаваць нармальны рытм працы і належныя паказчыкі прадукцыйнасці працы, ён павінен звярнуцца ў УЗ “Лепельская ЦРБ” па тэлефонах: 4-85-84, 4-12-34. Прышчэпачная брыгада ў складзе ўрача і сярэдняга медработніка наведае прадпрыемства або ўстанову і вакцынуе работнікаў, не адрываючы іх надоўга ад вытворчых або службовых абавязкаў.

 Наталля ПОБАРЦЕВА,
загадчыца аддзела ДУ “Лепельскі райЦГЭ”