Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка мае намер на сваім узроўні па завяршэнні ўборачнай кампаніі грунтоўна вярнуцца да пытання насення і сартоў айчыннай селекцыі. Аб гэтым ён заявіў падчас рабочай паездкі ў Бераставіцкі раён Гродзенскай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу на гэтай тэме яшчэ на пачатку тыдня ў Камянецкім раёне і цяпер зноў да яе вярнуўся. Пакуль у сельскай гаспадарцы краіны выкарыстоўваецца вялікая колькасць замежнага насення. Ёсць і насенне сартоў айчыннай селекцыі, але ў шэрагу выпадкаў па тых ці іншых параметрах яны саступаюць замежным.

"Трэба працаваць з вучонымі. Трэба іх варушыць, - сказаў Прэзідэнт. - Скончыцца ўборка - трэба вярнуцца да гэтага пытання. На маім узроўні збяромся і паглядзім, падумаем. Трэба страсянуць вучоных. Вось і ўсё. Гэта мы ўсё асобна павінны паглядзець. І хай рыхтуюцца. І не проста расказваць, якія героі, а што дрэнна".

Калі б усё было добра, заўважыў Аляксандр Лукашэнка, то ў гаспадарках бы не куплялі імпартнае насенне, тым больш яно і даражэйшае за айчыннае.

"Таму па насенным матэрыяле нам трэба разбірацца. І прытым па ўсіх культурах", - падкрэсліў беларускі лідар.

"І другое - мы павінны разгледзець, акрамя азімых рапсу і ячменю, што яшчэ нам раней можна сеяць, асабліва на поўначы. Пакуль не зменім севазвароты на поўначы і пакуль не знойдзем патрэбныя культуры, яны (у паўночных раёнах. - Заўвага БЕЛТА) будуць тэліпацца. Ну і, вядома, - дысцыпліна і парадак", - дадаў кіраўнік дзяржавы.

belta.by