Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 1 лістапада на сустрэчы з генеральным секретаром АДКБ Станіславам Засем абмеркаваў сітуацыю на армяна-азербайджанскай мяжы. Кіраўнік дзяржавы максімальна адкрыта і шчыра выказаўся па гэтай і іншай праблематыцы, якая датычыцца сітуацыі ў АДКБ, і расказаў аб вытоках пазіцыі Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА. 

"Канфлікт гэты трэба заканчваць (паміж Арменіяй і Азербайджанам. - Заўвага. БЕЛТА). І не дай бог мы яшчэ будзем распальваць канфлікт на таджыкска-кыргызскай мяжы. Гэта таксама недапушчальна. Трэба гэта заканчваць. Гэта не справа, што ў рамках АДКБ мы не можам спыніць гэтыя канфлікты. Мы вельмі сур'ёзна павінны абмеркаваць гэтыя пытанні на чарговай сесіі АДКБ", - сказаў беларускі лідар. 

Паводле яго слоў, беларускі бок ініцыяваў некалькі пытанняў у рамках работы АДКБ, якія ў тым ліку тычацца сродкаў масавай інфармацыі, прагназавання і рэагавання на крызісныя сітуацыі. "Шмат пытанняў. І каб нас там не называлі папяровым тыграм ці яшчэ як-небудзь, нам трэба актывізавацца тут. Ну калі хтосьці не хоча працаваць, бог з ім. Але трэба працаваць з тымі, хто хоча ў АДКБ працаваць, і забіць раз і назаўжды гэты жалезабетонны кол ці слуп, вакол якога мы ўсе будзем верцецца і круціцца і паказваць усяму свету, што ёсць такая ваенна-палітычная арганізацыя. Вось у чым пазіцыя Беларусі. Мы за гэта. Але без усялякіх гульняў і выкарыстання АДКБ у вырашэнні ўнутраных палітычных нейкіх праблем. Ва ўсіх яны ёсць, але ў нас АДКБ не для гэтага створана", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.