18 снежня, Мінск /Ганна Кот - БЕЛТА/. ААТ "Нафтан" да 29 снежня пералічыць у дзяржаўны мэтавы бюджэтны фонд нацыянальнага развіцця частку прыбытку па выніках працы за студзень-верасень бягучага года звыш часткі прыбытку, вылічанай і пералічанай у бюджэт, у памеры Br600 млрд. Такое рашэнне змяшчаецца ў пастанове Савета Міністраў №1158 ад 14 снежня 2012 года, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе беларускага ўрада.
Пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання. Дакумент прыняты ў адпаведнасці з указам №637 ад 28 снежня 2005 года "Аб парадку вылічэння ў бюджэт часткі прыбытку дзяржаўных унітарных прадпрыемстваў, дзяржаўных аб'яднанняў, якія з'яўляюцца камерцыйнымі арганізацыямі, а таксама даходаў ад акцый (долeй ва ўстаўных фондах) гаспадарчых таварыстваў, якія знаходзяцца ў рэспубліканскай і камунальнай уласнасці, і аб утварэнні дзяржаўнага мэтавага бюджэтнага фонду нацыянальнага развіцця".
Беларускаму дзяржаўнаму канцэрну па нафце і хіміі даручана забяспечыць своечасовае і поўнае пералічэнне ў рэспубліканскі бюджэт часткі прыбытку (даходу) ААТ "Нафтан". Міністэрства фінансаў абавязана да 31 студзеня 2013 года прадставіць у Савет Міністраў звесткі аб выкананні пастановы.
Наваполацкі нафтаперапрацоўчы завод уведзены ў эксплуатацыю ў 1963 годзе. У 2002-м прадпрыемства было акцыянавана, у 2008-м - рэарганізавана шляхам далучэння буйнога хімічнага прадпрыемства ААТ "Палімір". Паводле інфармацыі Міністэрства падаткаў і збораў, ААТ "Нафтан" з'яўляецца найбуйнейшым плацельшчыкам Віцебскай вобласці. За 10 месяцаў бягучага года прадпрыемства выплаціла ў бюджэт каля Br3 трлн., сфарміраваўшы на 34,3% кансалідаваны бюджэт вобласці.-0-
БЕЛТА
"Нафтан" да канца года пералічыць у фонд нацыянальнага развіцця Беларусі Br600 млрд.
18.12.20120 праглядаў