12 лютага, Мінск /Ганна Кот - БЕЛТА/. ААТ "Нафтан" рыхтуецца прадставіць беларускім аўтааматарам новыя маторныя алеі для бензінавых рухавікоў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА на прадпрыемстве. Маторныя алеі "Нафтан Прэм'ер" і "Нафтан Гарант" з'яўляюцца інавацыйнай і імпартазамяшчальнай прадукцыяй. Раней на айчынным рынку такія алеі былі прадстаўлены выключна замежнымі вытворцамі. Для вытворчасці навінак будзе выкарыстана рэцэптура і прысадка аднаго з вядучых сусветных вытворцаў алею. Першая партыя новых алеяў складзе прыкладна 800 т. "Нафтан Прэм'ер" і "Нафтан Гарант" будуць распаўсюджвацца праз сетку АЗС "Беларуснафта". Для продажу алеі разліюць у поліэтыленавыя каністры ёмістасцю 1 і 4 л. "Нафтан Гарант" па міжнароднай класіфікацыі API адпавядае катэгорыі SJ. Алей прызначаецца для бензінавых рухавікоў сучасных і раней выпушчаных легкавых аўтамабіляў, мікрааўтобусаў і лёгкіх грузавікоў, якія эксплуатуюцца ў адпаведнасці з інструкцыямі вытворцаў, і можа прымяняцца таксама, калі рэкамендаваны алеі катэгорыі SG і больш раннія. "Нафтан Прэм'ер" адпавядае катэгорыі SL. Алей прызначаны для бензінавых рухавікоў сучасных легкавых аўтамабіляў. Прадукт валодае істотна палепшанымі антыаксідантнымі, процізноснымі, мыйнымі і энергазберагальнымі ўласцівасцямі. Наваполацкі нафтаперапрацоўчы завод быў уведзены ў эксплуатацыю ў 1963 годзе. У 2002-м прадпрыемства было акцыянавана, у 2008-м таварыства рэарганізавана шляхам далучэння буйнога хімічнага прадпрыемства ААТ "Палімір". У 2011 годзе "Нафтан" перапрацаваў больш за 10 млн.т нафты, у тым ліку каля 1 млн.т "чорнага золата" з Венесуэлы. Праграмай развіцця ААТ "Нафтан" на 2010-2015 гады прадугледжана павелічэнне аб'ёму перапрацоўкі нафты да 12 млн.т у год.-0-

БЕЛТА