13 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. ААТ "Нафтан" у студзені 2012 года плануе прыступіць да вытворчасці бензіну стандарту ЕЎРА-4, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА на прадпрыемстве.
У цяперашні час на "Нафтане" ажыццяўляюцца пусканаладачныя работы ўстаноўкі нізкатэмпературнай ізамерызацыі PENEX, якая дазволіць атрымліваць ізамеры – высокаактанавыя кампаненты бензінаў стандарту ЕЎРА-4. Па папярэдніх разліках, у выніку ўвядзення ўстаноўкі нізкатэмпературнай ізамерызацыі ў дзеючыя – выпрацоўка высокаактанавага бензіну павялічыцца на 280 тыс. т у год. Праектная прадукцыйнасць пры поўнай загрузцы магутнасцей, магчымая пасля ўводу ў дзеянне рэканструяванай устаноўкі першаснай перапрацоўкі нафты АТ-8, складзе 56 т у гадзіну. Базавы праект распрацаваны фірмай-ліцэнзіярам UOP. Рэалізацыя гэтага праекта ажыццяўляецца ў адпаведнасці з праграмай рэканструкцыі і мадэрнізацыі "Нафтан 2010-2015".
У цяперашні час на ААТ "Нафтан" абмяркоўваюцца магчымасці павелічэння магутнасцей комплексу "Гідракрэкінг" на 20%, што дазволіць наросціць вытворчасць дызельнага паліва стандарту ЕЎРА-5.
ААТ "Нафтан" з'яўляецца прадпрыемствам паліўна-алейна-араматычнага профілю і выпускае каля 70 найменняў сертыфікаванай таварнай прадукцыі, у тым ліку аўтамабільныя бензіны "Нармаль-80", АІ-92 і АІ-95, дызельныя палівы, паліва для рэактыўных рухавікоў, кацельныя палівы, мазуты, алеі змазачныя шырокага асартыменту, нафтавыя бітумы і растваральнікі, індывідуальныя араматычныя вуглевадароды. Увесь аб'ём дызельнага паліва вырабляецца ў адпаведнасці са стандартамі ЕЎРА-4 і ЕЎРА-5. Глыбіня перапрацоўкі нафты складае каля 73-75%.
Наваполацкі нафтаперапрацоўчы завод быў уведзены ў эксплуатацыю ў 1963 годзе. У 2002 годзе прадпрыемства было акцыянавана, у 2008-м таварыства рэарганізавана шляхам далучэння буйнога хімічнага прадпрыемства - ААТ "Палімір". Колькасць працоўнага калектыву ААТ "Нафтан" у цяперашні час складае каля 13 тыс. працаўнікоў. У 2010 годзе прадпрыемствам было перапрацавана 10,7 млн. т нафтавай сыравіны. Нафта паступае на завод з Расійскай Федэрацыі пераважна па трубаправодзе "Дружба", а таксама чыгуначным транспартам. -0-
БЕЛТА
"Нафтан" у студзені плануе прыступіць да вытворчасці бензіну стандарту ЕЎРА-4
13.12.20110 праглядаў