Пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі ў Беларусі сталі ўжываць радзей
14.12.20110 праглядаў
14 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Адсотак пакаранняў у выглядзе пазбаўлення волі ў Беларусі знізіўся, паведаміў сёння журналістам намеснік генпракурора Беларусі Аляксей Стук, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Прычым скарачэнне адбываецца ва ўмовах дзеяння канцэпцыі (Канцэпцыі ўдасканалення сістэмы мер крымінальнай адказнасці і парадку іх выканання - Заўвага. БЕЛТА) шляхам прапановы іншых мер пакарання пракурорам. І суды таксама арыентаваны на паступовае скарачэнне гэтай меры пакарання", - сказаў Аляксей Стук. Ён адзначыў, што колькасць такіх пакаранняў за бягучы год зменшылася амаль на 4%. Пазбаўленне волі складае прыкладна 22,7% у агульнай структуры пакаранняў. Пры гэтым намеснік генпракурора падкрэсліў: "Размова не ідзе пра тое, каб гэту меру пакарання пастаянна зніжаць, а пра тое, каб яна абсалютна адпавядала цяжкасці злачынства, асобе абвінавачанага і крыміналістычнай структуры дынамікі злачыннасці". Ён не выключыў, што пры пэўным змяненні крымінагеннай сітуацыі доля гэтага віду пакарання можа ўзрасці.
Усяго з пачатку бягучага года да пазбаўлення волі асуджаны каля 9,4 тыс. чалавек, што прыкладна на 3 тыс. менш, чым за аналагічны перыяд 2010-га. Акрамя таго, намеснік генпракурора паведаміў, што за апошнія чатыры гады ў цэлым знізіўся ўзровень злачыннасці. Гэта пацягнула за сабой зніжэнне колькасці асуджаных. З студзеня па верасень бягучага года іх колькасць скарацілася больш чым на 6 тыс. чалавек у параўнанні з аналагічным перыядам 2010-га, г.зн. на 12,8% і склала каля 41,4 тыс. чалавек. Таксама, паводле даных органаў пракуратуры, з ужываннем мер выхаваўчага характару (арт. 117 КК) асуджаны 22,5% непаўналетніх.
Аляксей Стук нагадаў, што праваахоўныя органы Беларусі ўжо амаль год працуюць ва ўмовах Канцэпцыі ўдасканалення сістэмы мер крымінальнай адказнасці і парадку іх выканання, якая была ўведзена ўказам у снежні 2010 года. Асноўная мэта канцэпцыі - аптымізацыя мер пакарання і іншых мер крымінальнай адказнасці. Як адзначыў намеснік генпракурора, пры гэтым павінна ўлічвацца сацыяльна-эканамічная абстаноўка ў краіне, а таксама дынаміка злачыннасці.
Кажучы пра аптымізацыю меры стрымання, Аляксей Стук адзначыў, што мера павінна абірацца з улікам абставін справы, умоў здзяйснення злачынства, асобы чалавека. "Трэба надзвычай асцярожна ставіцца да меры стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай і разглядаць яе як выключную", - падкрэсліў намеснік генпракурора. Ён адзначыў, што трэба часцей разглядаць магчымасць закладу і хатняга арышту. "Пакуль гэта выкарыстоўваецца недастаткова актыўна і не ва ўсіх магчымых выпадках", - лічыць ён. Пры гэтым са студзеня па верасень 2011 года колькасць асоб, у дачыненні да якіх пракуроры санкцыянавалі меру стрымання ў выглядзе зняволення пад варту, усё ж знізілася да 9,8 тыс. (за аналагічны перыяд 2010 года было каля 13,3 тыс.).
Акрамя таго, намеснік генпракурора дадаў, што спыненне крымінальнага пераследу па артыкулах, якія гэта прадугледжваюць, павінна прымяняцца з улікам таго, было прымірэнне з пацярпелым, дзейнае раскаянне. Яшчэ адна ўмова спынення - прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці. "Суды больш актыўна, больш смела прымяняюць гэту норму (спыненне крымінальнага пераследу - Заўв. БЕЛТА), у тры разы больш, чым пракуроры... Хоць у апошні час пракуратура актыўна выкарыстоўвае гэту норму", - адзначыў Аляксей Стук. У параўнанні з 2010-м, пракуроры ў гэтым годзе спынілі падчас папярэдняга расследавання ў чатыры разы больш спраў.
Што тычыцца папраўчых работ і абмежавання свабоды, то, як адзначыў Аляксей Стук, і дзяретсябвінаваўца, і суды арыентаваны на дастаткова ўдумлівае і асцярожнае прымяненне гэтых мер пакарання. "Таму што па іх найбольш высокі працэнт ухілення", - растлумачыў намеснік генпракурора. Ён дадаў, што нярэдкія выпадкі, калі такога роду пакаранні прызначаюць людзям, якія раней былі неаднаразова асуджаны. "У іх ніякай матывацыі да працы... Часам відавочна, што наступны прысуд гэтай асобы - ухіленне ад пакарання", - канстатаваў Аляксей Стук.На яго думку, яшчэ адзін важны момант, на які неабходна звяртаць увагу - сацыяльная адаптацыя раней асуджаных. "Самае галоўнае, каб чалавек, які вярнуўся з месцаў пазбаўлення волі, быў забяспечаны працай і неяк сацыяльна ўладкаваны", - падкрэсліў намеснік генпракурора. Як лічаць у пракуратуры, мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы недастаткова выконваюць патрабаванні заканадаўства па распрацоўцы і ажыццяўленні мэтавых праграм прафілактыкі злачынстваў. У тым ліку гэта тычыцца працаўладкавання і тых, хто вызваліўся з калоній. Цяпер беспрацоўнымі з'яўляюцца 47,3% такіх асоб.
БЕЛТА