14 мая, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Падатковыя інспекцыі ў Віцебскай вобласці за чатыры месяцы канфіскавалі з нелегальнага абароту падакцызных тавараў больш чым на Br900 млн, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-цэнтры інспекцыі МПЗ Беларусі па Віцебскай вобласці. Падчас праведзеных у студзені-красавіку кантрольных мерапрыемстваў устаноўлена 170 парушэнняў заканадаўства, што рэгулюе вытворчасць і абарот падакцызнай прадукцыі. З нелегальнага абароту канфіскавана 4,1 тыс. л алкагольнай, нехарчовай спіртазмяшчальнай прадукцыі, звыш 4 млн штук тытунёвых вырабаў, 650 л нафтапрадуктаў, 579 л соладавага піва, 9,5 тыс. л іншых падакцызных тавараў. Агульны кошт канфіскаванай падакцызнай прадукцыі склаў Br919 млн. У даход дзяржавы звернута падакцызных тавараў на Br432 млн. У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года аб'ём канфіскаванай алкагольнай, нехарчовай спіртазмяшчальнай прадукцыі ў натуральным выражэнні павялічыўся ў 2,2 раза, тытуню - у 29 разоў. На думку падатковых інспектараў, такі значны рост абумоўлены актывізацыяй дзейнасці фізічных асоб, якія выкарыстоўвалі дыспарытэт цэн на падакцызныя тавары ў Беларусі і Расіі для асабістага ўзбагачэння. Па выніках праверак суб'ектам прадпрымальніцкай дзейнасці, якія ажыццяўляюць вытворчасць і абарот падакцызных тавараў, належыць даплаціць у бюджэт Br274 млн падаткаў. Судовыя і падатковыя органы па матэрыялах праверак да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнулі 46 суб'ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці і 91 фізічную асобу. Сума адміністрацыйных штрафаў склала Br154 млн.-0-

БЕЛТА