9 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Падатковыя службы Беларусі і Казахстана будуць абменьвацца інфармацыяй аб даходах арганізацый і грамадзян у сувязі з іх інвестыцыйнай дзейнасцю, а таксама аб даходах грамадзян па працоўных дагаворах. Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства па падатках і зборах, каментуючы падпісаны сёння ў Астане адпаведны пратакол. Дадзены дакумент уносіць змяненні і дапаўненні ў пагадненне паміж урадамі Беларусі і Казахстана аб супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе па пытаннях выканання падатковага заканадаўства ад 22 мая 2000 года. З беларускага боку пратакол падпісаў міністр па падатках і зборах Уладзімір Палуян, з казахстанскага - міністр фінансаў Балат Жамышаў. Пратаколам прадугледжаны ініцыятыўны, гэта значыць без запыту, абмен інфармацыяй паміж падатковымі службамі ў дачыненні да даходаў, атрыманых арганізацыямі і грамадзянамі ў сувязі з іх інвестыцыйнай дзейнасцю, а таксама даходаў грамадзян па працоўных дагаворах. Прадстаўленне даных будзе ажыццяўляцца мінуючы цэнтральныя падатковыя органы. Гэта дасць магчымасць аператыўна атрымліваць звесткі, неабходныя для паўсядзённай працы тэрытарыяльных падатковых інспекцый. Для ўдасканалення працэсу абмену інфармацыяй пратакол прадугледжвае прымяненне электроннага дакументаабароту. Пратакол пачне дзейнічаць з даты апошняга паведамлення бакамі аб правядзенні ўнутрыдзяржаўных працэдур, неабходных для яго ўступлення ў сілу.-0-

БЕЛТА