23 мая, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Наймодаўцы і прафсаюзы некаторых прадпрыемстваў у Віцебскай вобласці надаюць недастаткова ўвагі ўмовам і кошту харчавання сваіх работнікаў. Да такіх высноў прыйшлі спецыялісты Камітэта дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці пасля праверкі 11 аб'ектаў грамадскага харчавання, якія забяспечваюць гарачым харчаваннем рабочых і служачых на прамысловых прадпрыемствах вобласці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў кантрольным ведамстве. Так, у сталоўцы ААТ "Віцебскія дываны" нацэнка грамадскага харчавання менш чым за год узрасла з 25% да 45%. У сталоўцы харчуецца прыкладна пятая частка працоўных у максімальную змену. У той жа час у сталоўцы Віцебскага філіяла РУП "Белтэлекам" нацэнка грамадскага харчавання складае ўсяго 10%. У адпаведнасці з калектыўным дагаворам арганізацыя выдзяляе сродкі на харчаванне супрацоўнікаў. У ходзе праверак таксама выяўлены шэраг выпадкаў перавышэння гранічнага памеру гандлёвай надбаўкі на сацыяльна значныя тавары. Ва ўсіх аб'ектах грамадскага харчавання ўстаноўлены парушэнні правілаў гандлю, санітарных нормаў і правілаў, парадку выкарыстання вагавымяральнага абсталявання, вядзення бухгалтарскага ўліку. У сталовых ААТ "Віцебскія дываны", ААТ "ВЗЭП" для прыгатавання страў выкарыстоўваліся мясныя буйнакавалкавыя паўфабрыкаты з пратэрмінаванымі тэрмінамі прыдатнасці. Акрамя таго, пры праверцы сталоўкі ААТ "ВЗЭП" устаноўлены факты парушэння патрабаванняў правілаў бясплатнага забеспячэння работнікаў малаком або раўназначнымі харчовымі прадуктамі пры рабоце з шкоднымі рэчывамі. На працягу мінулага года і першага квартала бягучага работнікам, якія кантактуюць з неарганічнымі злучэннямі свінцу, дадаткова да малака або кісламалочных прадуктаў пекціназмяшчальныя прадукты не выдаваліся. Усяго па прадпрыемстве штомесяц павінны быць забяспечаны пекціназмяшчальнымі прадуктамі каля 50 чалавек. Выдача такіх прадуктаў адноўлена ў ходзе праверкі толькі ў красавіку. Па выніках праверак да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 32 чалавекі з накладаннем штрафаў на суму Br6,1 млн., да дысцыплінарнай адказнасці - 11 чалавек.