З 1 снежня кіроўцы абавязаны замяніць летнюю гуму на зімовую.

  З 1 снежня кіроўцы абавязаны замяніць летнюю гуму на зімовую. Гэта правіла датычыцца ўсіх аўто агульнай масай да 3,5 т, легкавых і груза-пасажырскіх аўтамабіляў звыш 3,5 т, а таксама аўтобусаў да 5 т. Парушэнне дадзенага патрабавання пацягне штраф да 1 базавай велічыні (40 рублёў), пры паўторным парушэнні на працягу года - ад 2 да 5 базавых (80-200 рублёў).

  Зімовыя шыны механічных транспартных сродкаў, прызначаныя для эксплуатацыі на абледзянелым або заснежаным дарожным пакрыцці, маркіруюцца знакам у выглядзе горнай вяршыні з трыма пікамі і са сняжынкай унутры яе альбо знакамі "М+S", "M&S", "M.S", "M S" або "All seasons", і павінны мець рэшту вышыні малюнка пратэктара не менш за 4 мм.

  Да надыходзячых халадоў неабходна падрыхтаваць не толькі аўтамабіль, але і самім перабудавацца на зімовы, больш спакойны і акуратны стыль кіравання. Варта пазбягаць рэзкіх рухаў і манеўраў, асабліва паблізу пешаходных пераходаў, на закругленнях і прадуваемых участках дарог. Выбіраць найбольш бяспечны хуткасны рэжым з улікам стану праезнай часткі і пагодных умоў. Павялічыць дыстанцыю, прышпіліцца ўсім у аўтамабілі.