17 снежня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Парушэнне правілаў абгону і выезд на сустрэчную паласу сталі прычынай смяротнага ДТЗ у Віцебскай вобласці, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзялення агітацыі і прапаганды ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама Алеся Сярэгіна. Пік аварый са смяротным зыходам прыйшоўся ў рэгіёне за апошнія тры дні на мінулую пятніцу. У гэты дзень на дарогах вобласці адбылося 3 ДТЗ, у якіх загінулі чацвёра і былі параненыя тры чалавекі. Так, у Гарадоцкім раёне паблізу вёскі Кабішча жыхар вёскі Пальмінка, кіруючы аўтамашынай "Жыгулі", выехаў на паласу сустрэчнага руху і сутыкнуўся з аўтамашынай "МАЗ". У выніку кіроўца легкавушкі трапіў з траўмамі ў бальніцу, а яго аднавясковец, які ехаў з ім, загінуў. Трагедыяй завяршылася паездка ў гэты дзень і для 29-гадовага жыхара вёскі Скряжына Глыбоцкага раёна. Асуджаны на пазбаўленне вадзіцельскіх правоў у 2008 годзе мужчына ўсё роўна сеў за руль "Таёты". У ходзе руху ён таксама выехаў на паласу сустрэчнага руху і сутыкнуўся з "Опелем" наваполачаніна 1979 года нараджэння. Апошні і пенсіянерка, якая ехала з ім, загінулі. Жонка кіроўцы "Опеля" і кіроўца другой іншамаркі з траўмамі былі дастаўлены ў бальніцу. "Дзяржаўтаінспекцыя звяртае ўвагу, што большасць аварый у апошні час абумоўлена не складанымі ўмовамі надвор'я, якія, несумненна, таксама ўплываюць на дарожную сітуацыю, а грубымі парушэннямі правілаў абгону і выездам на сустрэчную паласу руху", - падкрэсліла Алеся Сярэгіна, заклікаўшы ўсіх кіроўцаў выбіраць правільную хуткасць руху, выконваць правілы манеўравання і не перабольшваць свае магчымасці на дарозе, бо гэта напрамую звязана з уласнай бяспекай і бяспекай іх блізкіх.