14 верасня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Пракуратура Віцебскай вобласці выявіла парушэнні антыкарупцыйнага заканадаўства ў сістэме адукацыі рэгіёна. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў старшы пракурор аддзела па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю пракуратуры Віцебскай вобласці Васіль Пашкоўскі.
Факты неналежнага выканання патрабаванняў антыкарупцыйнага заканадаўства, недастатковы ўзровень прафілактычнай работы па папярэджанні карупцыйных праяў былі ўстаноўлены ў ходзе пракурорскай праверкі. У прыватнасці, у палажэнні аб функцыянаванні пастаянна дзеючай камісіі па папярэджанні карупцыйных праяў ва ўпраўленні адукацыі і падпарадкаваных установах не былі ў дастатковай ступені ўрэгуляваны паўнамоцтвы і адказнасць яе членаў. Склад камісіі пасля кадравых змен не абнаўляўся, пратаколы з пасяджэнняў адсутнічаюць. "У сукупнасці ўсё гэта сведчыць аб фармальнасці стварэння камісіі, якая фактычна не функцыянавала", - падкрэсліў Васіль Пашкоўскі.
Цяпер расследуецца крымінальная справа па арт. 210 КК (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі) у дачыненні да былога бухгалтара цэнтралізаванай бухгалтэрыі пры ўпраўленні адукацыі. Жанчына падазраецца ў крадзяжы грашовых сродкаў упраўлення адукацыі з дапамогай складання фіктыўных дакументаў і завышэння аб'ёму выкананай работы па аформленых на трэціх асоб дагаворах. У суд накіравана крымінальная справа па абвінавачванні былога галоўнага бухгалтара адной з устаноў адукацыі Оршы ў здзяйсненні карупцыйнага злачынства таксама з выкарыстаннем службовых паўнамоцтваў.
Факты выдання фіктыўных загадаў аб працаўладкаванні з мэтай крадзяжу грашовых сродкаў былі выяўлены ў Полацкім дзяржаўным дзіцячым сацыяльным прытулку, Наваполацкай агульнаадукацыйнай базавай школе №10.
"Такім чынам, увага, якая надаецца ва ўпраўленні адукацыі Віцебскага аблвыканкама пытанням выканання антыкарупцыйнага заканадаўства, папярэджання карупцыйных злачынстваў, яшчэ не дазваляе ў поўнай меры забяспечыць эфектыўнасць гэтай работы", - канстатаваў пракурор.
Па выніках пракурорскай праверкі прыняты меры рэагавання, 17 службовых асоб сістэмы адукацыі прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці.-0-
БЕЛТА
Парушэнні антыкарупцыйнага заканадаўства выяўлены ў сістэме адукацыі Віцебскай вобласці
14.9.20110 праглядаў