5 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Насельніцтва Віцебска ў дні правядзення фестывалю "Славянскі базар" можа павялічыцца амаль у паўтара раза. Каля 150 тыс. гасцей - удзельнікаў і турыстаў - чакаюць у абласным цэнтры падчас свята мастацтваў, паведаміў сёння журналістам начальнік УУС Віцебскага аблвыканкама Ігар Яўсееў, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Праваахоўныя органы на час фестывалю пяройдуць на ўзмоцнены варыянт нясення службы. Да аховы грамадскага парадку і забеспячэння бяспекі жыхароў і гасцей горада, як і падчас папярэдніх фестываляў, будуць прыцягнуты супрацоўнікі міліцыі, у тым ліку з іншых абласцей. Колькасць нарадаў, якія нясуць дзяжурства на вуліцах горада, узрасце ўдвая. Пры гэтым аднолькавая ўвага ахове грамадскага парадку будзе нададзена як у месцах правядзення масавых мерапрыемстваў - у цэнтры, так і ў жылых раёнах, падкрэсліў Ігар Яўсееў. Своечасова адсочваць абстаноўку ў цэнтры горада дапамагаюць камеры відэаназірання. У Віцебску ўстаноўлена 115 камер відэаназірання, 60 з іх выведзены непасрэдна на пульт дзяжурнага УУС і транслююць тое, што адбываецца на вуліцах і плошчах у рэжыме рэальнага часу. Як адзначыў Ігар Яўсееў, меры па забеспячэнні грамадскага парадку на сёлетнім фестывалі не будуць адрознівацца ад мер, якія прымяняліся ў папярэднія гады. Яны паказалі сваю эфектыўнасць, а насельніцтва ўспрымае іх станоўча, разумеючы, што гэта робіцца перш за ўсё для бяспекі грамадзян.-0-

БЕЛТА