18 студзеня, Лепель /Ул.інф./. У раённай бібліятэцы прайшла выстава дзіцячых работ, прысвечаных тэме Раства Хрыстова. Трохкупальная запалкавая царква ў ватным «снезе», анёл-дзяўчынка з рудым коцікам у руках і віфлеемскія зоркі… Удзельнікі выставы «Ражствоўскія матывы» па-свойму інтэрпрэтавалі святочную тэму.
18 студзеня, Лепель /Ул.інф./. У раённай бібліятэцы прайшла выстава дзіцячых работ, прысвечаных тэме Раства Хрыстова.
Трохкупальная запалкавая царква ў ватным «снезе», анёл-дзяўчынка з рудым коцікам у руках і віфлеемскія зоркі… Удзельнікі выставы «Ражствоўскія матывы» па-свойму інтэрпрэтавалі святочную тэму. Непасрэднасць, нестандартнасць і дабрыня – вось што аб'яднала іх работы. І невыпадкова, бо аўтары – дзеці.
Вынікі старанняў не аднаго месяца прадставілі ў холе раённай бібліятэкі вучні Лепельскай ДШМ, выхаванцы нядзельных школ горада і майстры гуртка «Вясёлка» ТЦСАН. Здавалася б, адна падзея, адна тэма, але аднолькавых работ на выставе не было. Ад малюнка гуашшу і бісернага апраўлення да «запалкавага» будаўніцтва – дзеці выкарыстоўвалі не адну тэхніку, каб расказаць пра свята.
Тры месяцы працавалі над сваімі вырабамі выхаванцы нядзельнай школы Перамянення Гасподняга. Кіравала творчым працэсам Ірына Пшонка. За падрыхтоўку яна ўзялася па просьбе айца Сергія Лешкевіча. Праўда, у глыбіні душы хвалявалася, каб усё атрымалася: яна, выхавальніца дзіцячага сада, дэкаратыўна-прыкладной творчасці нідзе не вучылася. Але па выніках бачна: перажывала дарма. Кардонныя дамы-шматпавярховікі, рознакаляровыя пластылінавыя анёлачкі, а ў цэнтры ёлка з залатой зоркай на макушцы – нібы кадр украінскага мультфільма «Шчадрык» увасобілі дзеці ў кампазіцыі «Ноч перад Раством». А вось анёл расказвае валхвам пра Раство ў выцінанцы адзінаццацігадовага Антона Папко «Не бойцеся, Бог мяне паслаў». Два віды запалак – з чорнай і зялёнай серай – у архітэктуры «запалкавага» храма выкарыстаў Павел Шышкоў.
А сапраўдныя шышкі сталі рамкай для работы «Раство» Наталлі Калосаўскай, выхаванкі нядзельнай школы храма Святой Велікамучаніцы Параскевы Пятніцы. Дарэчы, хутка ў гэтай школе пройдуць прафесійныя майстар-класы: педагогі навучаць дзяцей такім тэхнікам, як квілінг, выцінанка, вышыўка крыжыкам.
Кацярына АСОЎСКАЯ
На здымку: айцец Сергій Лешкевіч з гасцямі выставы.
Фота аўтара.