«Рэкламуючы» вольны час

 Па традыцыі ў пачатку навучальнага года раённы цэнтр дзяцей і моладзі прэзентаваў свае аб'яднанні па інтарэсах. Дарэчы, выбраць вольны час дзіцяці бацькі маглі ўжо адразу пасля школьных лінеек. У Тыдзень адкрытых дзвярэй з экскурсіямі тут пабывалі вучні 1-7 класаў усіх гарадскіх школ.

 Адно з новаўвядзенняў -- міні-выстава работ выхаванцаў цэнтра, якія сустракалі дзяцей проста ў фае. Напярэдадні для яе кожны кіраўнік падрыхтаваў «рэкламу» свайго гуртка. Раздавалі жадаючым і яркія візіткі.

 Педагогі знаходзілі, чым прыцягнуць да заняткаў. Да прыкладу, у кабінеце «Бисероплетение» Алена Саўчанка паказвала, як зрабіць простыя элементы з бісеру. Прычым, запрашала ў гурток не толькі дзяўчынак, але і хлопчыкаў. Іх тут ужо займаецца цэлая група. Навучыць шыць мяккія цацкі сваімі рукамі паабяцала педагог «Волшебного лоскутка» Ала Міснік. У кабінеце «Керамики» ўвагу не магла не прыцягнуць адна з конкурсных работ -- Снягурачка. А кіраўнік калектыву «Непоседы» Святлана Міхно не толькі развучвала з дзецьмі танцавальныя рухі, але і дэманстравала яркія эстрадныя касцюмы, у якіх будуць выступаць тыя, хто выбраў гэты напрамак. З педагогам студыі «Капитошка» Марыяй Бурдзілоўскай дзеці выконвалі па куплеце вядомай песні. Дарэчы, у аднаго з вучняў у дзень экскурсіі быў дзень нараджэння: аднакласнікі і павіншавалі імянінніка песняй Кракадзіла Гена.

 У актавай зале дзяцей чакалі прэзентацыі адразу трох аб'яднанняў. Як са сподкавых матэрыялаў зрабіць сувеніры – віншавальныя паштоўкі і падарункавыя ўпакоўкі, алоўкавую скрынку і кошык – на наглядных прыкладах паказвала кіраўнік «Эко-арта» Марына Артэева. Здзівіла Марына Русланаўна дзяцей і фларыстычнай лялькай, якая на абласным конкурсе «Лёд, кветкі, фантазія» заняла першае месца. З мноства работ на рэспубліканскім этапе працу лепельскіх флорыстаў ацанілі дыпломам другой ступені.