На адкрыцці галоўнай ёлкі Верхнядзвінска 23 снежня парад Дзядоў Марозаў замянілі "Нашэсцем снегавікоў", паведаміла карэспандэнту БЕЛТА рэжысёр Верхнядзвінскага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Пацянкоўская.

На адкрыцці галоўнай ёлкі Верхнядзвінска 23 снежня парад Дзядоў Марозаў замянілі "Нашэсцем снегавікоў", паведаміла карэспандэнту БЕЛТА рэжысёр Верхнядзвінскага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Пацянкоўская.

У гэты раз для адкрыцця галоўнай гарадской ёлкі на плошчы Юбілейнай арганізатары вырашылі адмовіцца ад звыклага шэсця Дзядоў Марозаў і іншых казачных персанажаў, якія іх суправаджаюць. Замест гэтага сярод арганізацый і прадпрыемстваў аб'яўлены конкурс "Нашэсце снегавікоў". "Паколькі надвор'е ў нас непрадказальнае, і няма гарантыі, што яно падорыць нам у гэты дзень "будаўнічы матэрыял", мы вырашылі правесці конкурс менавіта касцюмаў снегавікоў. Жадана, каб у іх была адлюстравана спецыфіка прафесіі, роду заняткаў. Але калі снег усё ж такі будзе - вакол плошчы вылепім і сапраўдных снегавікоў, каб гэта было рэальнае нашэсце", - растлумачыла Наталля Пацянкоўская.

Далей у праграме традыцыйна будуць рухомыя гульні, каб дзеці і дарослыя сагрэліся. А пасля запальвання агнёў на галоўнай ёлцы людзі закружаць вакол яе карагод і пройдуць да наступнай пляцоўкі свята - раённага Дома культуры. Тут можна будзе наведаць выставы, паглядзець дзіцячыя работы на конкурс ёлачных цацак, прыкупіць сувеніры ад мясцовых рамеснікаў і прадпрымальнікаў і стаць удзельнікам "Кірмашу дабра", набыўшы вырабы, выкананыя наведвальнікамі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў. Можна паўдзельнічаць і ў іншай дабрачыннай акцыі "Час дарыць дабро". Для гэтага трэба перадаць арганізатарам канцылярскія прыналежнасці і атрымаць узамен маленькае сэрцайка - сімвал зробленага добрага ўчынку. Сабраныя падарункі ўручаць дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, з нядобранадзейных і шматдзетных сем'яў, дзецям-інвалідам на дабрачынным ранішніку, які пройдзе 29 снежня ў РДК. Гэты вечар завершыцца спектаклем для дзяцей і дарослых "Навагоднія прыгоды Дрэвагрызіка".

Навіны Беларусі (БЕЛТА)