Навучэнцы 11-х класаў здаюць прадмет на выбар. Лепельчане здаюць ЦЭ на базе Лепельскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа.

 Навучэнцы 11-х класаў здаюць прадмет на выбар. Лепельчане здаюць ЦЭ на базе Лепельскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа.
Адразу заўважаем, падыходзячы да ўстановы адукацыі, што тут арганізавана дзіжурства медыцынскага персаналу, супрацоўнікаў РАУС і РАНС.
Як адзначыла намеснік начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Аксана Лясун, распараджэннем старшыні Лепельскага райвыканкама ад 15.05.2024 года № 160р прызначаны адказныя асобы і вызначаны неабходныя меры для арганізаванага правядзення ЦЭ і стварэння бяспечных умоў для навучэнцаў.
17 мая праведзена арганізацыйная нарада пры намесніку старшыні райвыканкама з удзелам кіраўніцтва каледжа, аддзела па адукацыі, цэнтра для забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый, РАУС, РАНС, ЦРБ, ТЦСАН.
У дні правядзення экзамену на тэрыторыі пункта правядзення ЦЭ арганізавана дзіжурства супрацоўнікаў ДАІ для бесперашкоднай дастаўкі навучэнцаў на экзамен і назад. Таксама працуе для рабят буфет.
Усе мерапрыемствы па падрыхтоўцы і правядзенні ЦЭ ажыццяўляліся аддзелам па адукацыі і каледжам у поўным аб'ёме. Правядзенне ЦЭ на пункце забяспечваюць 55 работнікаў, якія маюць допуск у пункт правядзення экзамену.
Цэнтралізаваны экзамен здаюць 148 навучэнцаў з 7 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі раёна. З іх 145 — школьнікі і 3 — экстэрны. Сёння ЦЭ праходзіць па фізіцы, матэматыцы, хіміі, біялогіі, англійскай мове, гісторыі Беларусі, сусветнай гісторыі і грамадазнаўстве. 30 мая пройдзе ЦЭ па рускай і беларускай мовах.

Сертыфікаты аб пройдзеным цэнтралізаваным экзамене Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў плануе выдаваць з 12 чэрвеня.

Ва ўсіх дзяцей добрае настрой. Усміхаюцца, размаўляюць.

— Уражанні ў мяне станоўчыя. Сёння здавала экзамен па англійскай мове. На мой погляд, заданні ў цэнтралізаваным экзамене былі не складаныя, таму ЦЭ аказалася нашмат лягчэй, чым я меркавала, — адзначыла навучэнка СШ №3 г. Лепель Паліна Мурашка.
Хочацца адзначыць, што Паліна прымае актыўны ўдзел у жыцці школы, праслаўляе яе сваімі вынікамі як на раённым, так і на абласным узроўнях.

— Настрой добры, пытанні былі не складаныя, усё даступна і зразумела. Атмасфера на экзамене таксама была дружалюбная. Гатаваўся да экзамену, таму хвалявання не адчуваў, —

падзяліўся меркаваннем Іван Голец са СШ №3.

Авеліна Астрыкава з Заслаўскай сярэдняй школы Лепельскага раёна таксама выйшла з усмешкай на твары:
— Хваляванне адразу прысутнічала, але зусім нядоўга. Калі пачала адказваць на пытанні, а здавала я грамадазнаўства, пагрузілася цалкам у прадмет. Складанасцей не было, ды і ўсмешкі настаўнікаў падбадзёрвалі нас на выпрабаванні.