3 мая, Мінск /Ганна Кот - БЕЛТА/. Нацыянальны банк Беларусі ў 2013 годзе можа пачаць падрыхтоўку да дэнамінацыі беларускага рубля. Пра гэта паведаміла старшыня праўлення Нацбанка Надзея Ермакова ў Палаце прадстаўнікоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Нацыянальны банк пакуль гэтае пытанне не прапрацоўвае. Мы лічым, што ў 2012 годзе гаварыць пра гэта заўчасна. Галоўная задача ў бягучым годзе - справіцца з інфляцыяй, прыпыніць яе рост хаця б да таго ўзроўню, які вызначаны асноўнымі напрамкамі развіцця эканомікі ў гэтым годзе і грашова-крэдытнай палітыкі. У перыяд, калі існуе высокая інфляцыя, нельга займацца іншым пытаннем. Ну і вострай патрэбы рабіць дэнамінацыю ў 2012 годзе няма", - сказала Надзея Ермакова.
"Аднак улічваючы, што ідзе рост даходаў насельніцтва, павялічваецца сума грошай, ідзе рост беларускай эканомікі і вытворчасць будзе павялічвацца, мы лічым, што дзесьці ў 2013 годзе мы ўжо можам пачаць гаварыць, пачынаць прадумваць і на працягу, магчыма, 2013 года рыхтавацца да дэнамінацыі. Гэта сур'ёзная праца. У тым ліку і грошы павінны быць падрыхтаваны новыя", - адзначыла кіраўніца Нацбанка.
Разам з тым якога-небудзь эканамічнага эфекту ад дэнамінацыі чакаць не варта, гэта толькі спросціць абарачэнне з грашыма, дадала Надзея Ермакова.-0-
БЕЛТА
Нацбанк Беларусі можа пачаць падрыхтоўку да дэнамінацыі беларускага рубля ў 2013 годзе
3.5.20120 праглядаў