20 лютага, Мінск /Ганна Кот - БЕЛТА/. Нацбанк Беларусі не будзе аднаўляць валютнае крэдытаванне фізічных асоб. Пра гэта паведаміла сёння журналістам кіраўнік Нацбанка Надзея Ермакова, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Такім чынам, Нацыянальны банк не падтрымаў ініцыятыву прэм'ер-міністра па аднаўленні валютнага крэдытавання фізічных асоб на будаўніцтва жылля. "Прэм'ер-міністр пагадзіўся з намі. Мы вызначылі, што можам крэдытаваць будаўніцтва жылля ў беларускіх рублях", - сказала Надзея Ермакова. Пры гэтым тэарэтычна магчыма вярнуцца да абмеркавання гэтага пытання праз год ці два, дадала яна.

"Сёння няма неабходнасці адмяняць рашэнне аб спыненні валютнага крэдытавання. Шмат праблем было з дэвальвацыяй у насельніцтва", - адзначыла Надзея Ермакова. Яна паведаміла, што магчымасць аднаўлення валютнага крэдытавання фізічных асоб на будаўніцтва жылля Нацбанк абмяркоўваў з кіраўнікамі большасці беларускіх банкаў. Прадстаўнікі банкаў катэгарычна запярэчылі супраць такой магчымасці.

"Акрамя таго, навошта нам фарміраваць меркаванне, што наш беларускі рубель ужо нікуды не варта, і толькі, як пішуць на форумах, а таксама некаторыя журналісты, валюта нас выратуе. Нам валюта патрэбна для іншых мэт", - дадала Надзея Ермакова.

На гэтым тыдні дзяржаўныя банкі прымуць рашэнне, як яны будуць крэдытаваць будаўніцтва жылля, паведаміла таксама кіраўнік Нацбанка. Гаворка ідзе пра крэдыты для тых, хто мае патрэбу. "Дзяржаўныя банкі выказалі свае прапановы, якім чынам яны будуць крэдытаваць у беларускіх рублях пад больш нізкую стаўку", - адзначыла Надзея Ермакова.

Кіраўнік Нацбанка таксама сказала, што прагноз па зніжэнні стаўкі рэфінансавання да канца года да 13-15% гадавых ніхто не адмяняў. Гэта мэта, да якой трэба імкнуцца, бо высокія стаўкі - тармаз эканомікі, падкрэсліла яна. Разам з тым спяшацца не трэба ні ў якім разе, неабходна ўлічваць інфляцыю і іншыя эканамічныя паказчыкі, бо, калі прыняць няправільнае рашэнне, сітуацыя можа выйсці з-пад кантролю. "Трэба дзейнічаць акуратна", - упэўнена Надзея Ермакова. Кіраўнік Нацбанка ў якасці станоўчай тэндэнцыі адзначыла зніжэнне і стабілізацыю ставак на рынку міжбанкаўскіх крэдытаў.-0-