15 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальны банк Беларусі абвяргае чуткі аб рэзкай дэвальвацыі нацыянальнай валюты, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні інфармацыі галоўнай банкаўскай установы краіны.
У сувязі з з'яўленнем у апошні час правакацыйных чутак аб магчымай рэзкай дэвальвацыі нацыянальнай валюты, якія атрымалі шырокае распаўсюджванне дзякуючы асобным сродкам масавай інфармацыі і сетцы Інтэрнэт, у Нацыянальным банку паведамілі, што дадзеныя чуткі ніякім чынам не адпавядаюць рэчаіснасці.
"Акрамя таго, змены абменнага курса беларускага рубля, якія выходзяць за рамкі параметраў, устаноўленых Асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі Рэспублікі Беларусь на 2011 год, не плануюцца і ажыццяўляцца не будуць", - адзначылі ў галоўнай банкаўскай установе.
Тут падкрэслілі, што Нацыянальны банк будзе ажыццяўляць палітыку курсаўтварэння строга ў межах устаноўленага калідора дапушчальных змяненняў курса беларускага рубля да кошыка замежных валют – плюс/мінус 8% у адносінах да значэння курса, які склаўся на пачатак 2011 года (Br1057,04), забяспечваючы пры гэтым плаўнасць і прадказальнасць дынамікі курса.
Пры гэтым двухбаковыя курсы беларускага рубля ў адносінах да замежных валют, якія ўваходзяць у склад кошыка (долар ЗША, еўра і расійскі рубель), будуць таксама змяняцца няістотна пад уплывам узаемных змяненняў курсаў гэтых валют на сусветных рынках.
У цяперашні час для забеспячэння ўстойлівасці нацыянальнай валюты Нацыянальны банк валодае як усімі неабходнымі манетарнымі інструментамі, так і золатавалютнымі рэзервамі. Іх узровень цалкам дастатковы для падтрымання стабільнасці беларускага рубля і дазваляе ў поўным аб'ёме задавольваць попыт на замежную валюту з боку насельніцтва, аператыўна рэагаваць на кан'юнктурныя змяненні попыту на ўнутраным валютным рынку, гарантаваць плацяжы па знешніх абавязацельствах.-0-
БЕЛТА
Нацбанк Беларусі абвяргае чуткі пра рэзкую дэвальвацыю рубля
15.3.20110 праглядаў