28 верасня, Мінск /Ганна Кот - БЕЛТА/. Нацбанк Беларусі чакае зніжэння да канца 2012 года стаўкі рэфінансавання да 25-26% гадавых. Пра гэта заявіла падчас прамой лініі ў газеце "Звязда" старшыня праўлення Нацыянальнага банка Надзея Ермакова, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА. Гаворачы пра тое, якой будзе стаўка рэфінансавання ў апошніх чыслах снежня, кіраўнік Нацбанка адзначыла: "Чакаецца, што яна будзе не вышэй за 25-26% гадавых". Разам з тым, па словах Надзеі Ермаковай, ніжэй за гэты ўзровень стаўка рэфінансавання да канца бягучага года не апусціцца. "Стаўка рэфінансавання вызначаецца, зыходзячы з узроўню інфляцыі. Сённяшнія тэмпы росту цэн пакуль не дазваляюць нам разлічваць на больш значнае зніжэнне стаўкі рэфінансавання", - сказала яна. Згодна з чаканнямі Нацыянальнага банка Беларусі, выказанымі 24 верасня, па выніках 2012 года чакаецца, што ўзровень інфляцыі складзецца ў межах прагназуемых 22%. За восем месяцаў інфляцыя склала 14,6%. У адпаведнасці з Асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі стаўка рэфінансавання на канец 2013 года прагназуецца на ўзроўні 13-15% гадавых (пры росце спажывецкіх цэн на 12%).-0-

БЕЛТА