2 кастрычніка, Мінск /Ганна Кот - БЕЛТА/. Нацыянальны банк Беларусі прыняў меры, якія будуць стымуляваць камерцыйныя банкі да абмежавання працэнтных ставак і аб'ёмаў спажывецкага крэдытавання. Пра гэта паведамілі БЕЛТА ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў Нацбанка.
Пастановай праўлення Нацыянальнага банка №544 ад 20 верасня 2013 года ўнесены змяненні і дапаўненні ў некаторыя нарматыўныя прававыя акты Нацбанка. "Навацыі, якія ўступаюць у сілу з 1 студзеня 2014 года, змяняюць падыходы да ацэнкі рызыкі па крэдытнай запазычанасці, утворанай у выніку прадастаўлення фізічным асобам крэдытаў пры разліку банкамі паказчыкаў дастатковасці нарматыўнага капіталу", - растлумачылі ў Нацыянальным банку.
У цяперашні час у Беларусі назіраецца ўстойлівы рост спажывецкага крэдытавання. "Нягледзячы на тое, што тэмпы яго прыросту за першае паўгоддзе 2013 года можна ацэньваць як дапушчальныя, на фоне павялічвання ўзроўню заработнай платы і стымулявання ўнутранага спажывецкага попыту існуюць перадумовы да павелічэння долі спажывецкіх крэдытаў у банкаўскіх партфелях. Пры гэтым ва ўмовах барацьбы за кліента і наростаючай канкурэнцыі на рынку спажывецкага крэдытавання усё большую папулярнасць набываюць так званыя экспрэс-крэдыты", - звярнулі ўвагу ў Нацбанку.
Такія крэдыты прадугледжваюць для банка павышаныя крэдытныя рызыкі, з мэтай кампенсацыі якіх устанаўліваюцца працэнтныя стаўкі, што істотна перавышаюць стаўкі па стандартных спажывецкіх крэдытах, што павялічвае крэдытную нагрузку на фізічных асоб.
"У сувязі з гэтым уносімыя змяненні і дапаўненні ў некаторыя нарматыўныя прававыя акты Нацыянальнага банка Беларусі прадугледжваюць дыферэнцыяцыю патрабаванняў да дастатковасці капіталу банкаў для пакрыцця рызык па спажывецкіх крэдытах у залежнасці ад узроўню гадавой працэнтнай стаўкі. У якасці арыенціра працэнтных ставак будзе выкарыстоўвацца базавая стаўка рэфінансавання, усталёўваная Нацыянальным банкам, як асноўны індыкатар пры вызначэнні кошту крэдытаў у эканоміцы", - адзначылі ў Нацыянальным банку.