14 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацбанк Беларусі прагназуе спыненне росту інфляцыі. Гэтае пытанне абмяркоўвалася 14 лістапада падчас рабочай сустрэчы кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі са старшынёй праўлення Нацыянальнага банка Надзеяй Ермаковай, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара. "Мяне сёння цікавіць не толькі пытанне стратэгічнае, глабальнае. Ведаю, што на валютным рынку сітуацыя ў нас складаецца нармальна. Хацеў бы пачуць вашу кропку гледжання ў плане інфляцыйных працэсаў і сітуацыі ў сувязі з гэтым на спажывецкім рынку", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама папрасіў Надзею Ермакову прадставіць сваю ацэнку сітуацыі ў банкаўскай сферы ў цэлым і сістэме камерцыйных банкаў. "Як сёння нашы банкі развіваюцца, якое іх становішча? - пацікавіўся Прэзідэнт. - Таму што я бачу, што ў сувязі з пэўнай палітыкай Захаду робяцца асобныя спробы ціску і на нашы банкі шляхам розных рэйтынгаў і таму падобнага. Мы гэта павінны мець на ўвазе, і мы павінны зрабіць усё, каб падтрымаць нашы банкі, камерцыйныя банкі, якія фінансуюць праграмы, крэдытуюць нашы прадпрыемствы". Кіраўнік дзяржавы таксама пацікавіўся тым, якія ўзнікаюць праблемы ў сувязі з выхадам на адзіны курс. "Што тычыцца інфляцыі, то і змяненне курса аказала свой уплыў на гэты працэс. Натуральна, шэраг іншых момантаў, якія склаліся ў эканоміцы ў сувязі з недахопам золатавалютных рэсурсаў, ажыятажным попытам на валюту і тавары. Усё гэта, вядома, прывяло да інфляцыі. Сёння курс спыніўся на адным узроўні. Наша бачанне, што ў найбліжэйшы час рэзкіх ваганняў курса не будзе", - адзначыла кіраўнік Нацбанка. Росту інфляцыі ў пэўнай меры спрыяла таксама закладванне ў цэны на тавары завышанага курса. Свой уплыў аказала і рэгуляванне цэн у рамках адзінай мытнай прасторы, рост кошту энергетычных рэсурсаў. "Калі сёння нічога не зменіцца, акрамя таго, што павінны яшчэ па камунальных плацяжах крыху скарэкціраваць цэны, то, напэўна, павінен спыніцца рост інфляцыі. І тое, што разлічылі на наступны год 19%, напэўна, гэта рэальна, калі мы будзем эфектыўна працаваць і не будзем раздзімаць грашовую масу, каб не ствараць дадатковы ціск на біржу", - мяркуе Надзея Ермакова.