27 верасня, Мінск /Ганна Кот - БЕЛТА/. Прырост міжнародных рэзервовых актываў Беларусі ў адпаведнасці з методыкамі Міжнароднага валютнага фонду на 1 студзеня 2014 года, па прагнозе, складзе $0,3-0,7 млрд. Такія даныя змяшчаюцца ў Асноўных напрамках грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі на 2013 год, зацверджаных 25 верасня 2012 года ўказам №419, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА. Нацыянальны банк і ўрад Беларусі працягнуць рэалізацыю мер, накіраваных на падтрыманне золатавалютных рэзерваў дзяржавы на ўзроўні, які забяспечвае эканамічную бяспеку краіны, сказана ў дакуменце. "З улікам пагашэння Рэспублікай Беларусь унутраных і знешніх абавязацельстваў у замежнай валюце, прыцягнення прамых замежных інвестыцый у эканоміку краіны ($4,5 млрд. на чыстай аснове), дасягнення станоўчага сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі міжнародныя рэзервовыя актывы ў адпаведнасці з методыкамі Міжнароднага валютнага фонду за 2013 год узрастуць на $0,3-0,7 млрд.", - гаворыцца ў Асноўных напрамках грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі на 2013 год. Кіраўніцтва Нацбанка Беларусі раней неаднаразова заяўляла, што на канец 2012 года золатавалютныя рэзервы краіны павінны скласці не менш за $8,2 млрд. Такім чынам, да канца 2013 года ЗВР могуць дасягнуць $8,5-8,9 млрд. Золатавалютныя рэзервы Беларусі ў вызначэнні МВФ, па папярэдніх даных, на 1 верасня 2012 года склалі $8158,5 млн. у эквіваленце. У нацыянальным вызначэнні аб'ём золатавалютных рэзерваў на 1 верасня склаў $8775,8 млн. у эквіваленце.-0-

БЕЛТА