9 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальны банк Беларусі з 11 лістапада 2011 года павялічвае стаўку рэфінансавання на 5 працэнтных пунктаў - з 35% да 40% гадавых. Адпаведную пастанову №503 ад 8 лістапада бягучага года прыняло праўленне Нацыянальнага банка, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні інфармацыі Нацбанка. Адначасова Камітэт па грашова-крэдытнай палітыцы Нацыянальнага банка прыняў рашэнне аб павышэнні з 11 лістапада бягучага года працэнтных ставак па аперацыях рэгулявання ліквіднасці. Працэнтныя стаўкі па пастаянна даступных і двухбаковых аперацыях падтрымкі ліквіднасці павялічаны да 60% гадавых, па пастаянна даступных аперацыях вываду ліквіднасці - да 30% гадавых. "Чарговае павышэнне стаўкі рэфінансавання і ставак па аперацыях рэгулявання ліквіднасці з'яўляецца паслядоўным крокам па абмежаванні інфляцыйных працэсаў і стабілізацыі сітуацыі ў эканоміцы і фінансавай сферы ў цэлым. Гэтая мера дазволіць таксама падтрымаць адноўлены ў апошнія месяцы рост тэрміновых рублёвых укладаў насельніцтва ў банках, стабілізаваць інфляцыйныя чаканні ў эканоміцы, а таксама стане дадатковым фактарам па ўзмацненні збалансаванасці плацежнага балансу", - растлумачылі ва ўпраўленні інфармацыі Нацбанка. Там падкрэслілі, што Нацыянальны банк і ў далейшым працягне правядзенне ўзважанай грашова-крэдытнай палітыкі, надаючы асаблівую ўвагу неабходнасці забеспячэння стабільнасці цэн у эканоміцы.-0-

БЕЛТА