10 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацбанк Беларусі з 10 чэрвеня зніжае стаўку рэфінансавання на 1,5 працэнтнага пункта да 23,5% гадавых. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў Нацыянальнага банка.

Адпаведнае рашэнне прынята праўленнем Нацыянальнага банка і замацавана ў пастанове №343 ад 5 чэрвеня 2013 года.

"Дадзенае рашэнне прынята зыходзячы з замацаванай тэндэнцыі да запаволення інфляцыі і змяншэння інфляцыйных чаканняў. Застаецца спрыяльнай сітуацыя на ўнутраным валютным рынку, што фарміруе ўмовы для стабільнасці абменнага курса беларускага рубля", - растлумачылі ў Нацыянальным банку.

Пры паступовым намінальным зніжэнні працэнтных ставак у эканоміцы па-ранейшаму забяспечваецца іх высокая рэальная даходнасць, што спрыяе прытоку рублёвых укладаў насельніцтва ў банкі.

"Далейшае змяненне ўзроўню стаўкі рэфінансавання будзе залежаць ад агульнай макраэканамічнай сітуацыі ў краіне, а таксама дынамікі цэн і інфляцыйных чаканняў", - адзначылі ў Нацбанку.

Першы раз у 2013 годзе стаўка рэфінансавання была зніжана 13 сакавіка - з 30% гадавых да 28,5% гадавых. Да гэтага стаўка не змянялася на працягу паўгода. Наступнае зніжэнне адбылося 17 красавіка - таксама на 1,5 працэнтнага пункта да 27% гадавых, а затым 15 мая - на 2 працэнтныя пункты да 25% гадавых.

У цэлым за 2013 год стаўку рэфінансавання плануецца знізіць да 13-15% гадавых. Разам з тым, як неаднаразова заяўлялі прадстаўнікі Нацбанка, дынаміка стаўкі рэфінансавання будзе залежаць ад макраэканамічнай сітуацыі, у першую чаргу ва знешнім гандлі і на валютным рынку, а таксама ад узроўню фактычна складваючайся інфляцыі.

За студзень-красавік бягучага года інфляцыя склала 5,9% пры прагнозе на 2013 год не больш за 12%. Разам з тым у красавіку прырост спажывецкіх цэн знізіўся да 0,5%. Для параўнання: інфляцыя ў студзені 2013 года склала 3%, у лютым - 1,2%, у сакавіку - 1,1%. Па выніках 2012 года інфляцыя склала 21,8%.-0-