13 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальны банк Беларусі ў лістападзе захавае стаўку рэфінансавання на ўзроўні 23,5% гадавых. Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў Нацбанка.
"На чарговым пасяджэнні праўлення Нацыянальнага банка, якое адбылося 12 лістапада, прынята рашэнне захаваць стаўку рэфінансавання на ўзроўні 23,5% гадавых і ў бягучым месяцы", - сказалі ў Нацбанку.
Прырост спажывецкіх цэн у апошнія два месяцы складаецца вышэй за прагнозныя параметры (у верасні - 1,7%, у кастрычніку - 1,9%). Пры гэтым у гадавым выражэнні (да адпаведнага месяца папярэдняга года) інфляцыя запаволілася з 21,8% у снежні 2012 года да 15,5% у кастрычніку бягучага.
"Нягледзячы на павелічэнне ў кастрычніку 2013 года рублёвых укладаў насельніцтва, іх прырост недастаткова ўстойлівы. У гэтых умовах захаванне бягучага ўзроўню стаўкі рэфінансавання забяспечыць прывабны ўзровень даходнасці рублёвых дэпазітаў, значна перавышаючы даходнасць дэпазітаў у замежнай валюце, будзе садзейнічаць падтрыманню стабільнасці на ўнутраным валютным рынку, а таксама стрымліванню інфляцыйных працэсаў", - адзначылі ў банку.
Апошні раз Нацбанк зніжаў стаўку рэфінансавання 10 чэрвеня - на 1,5 працэнтнага пункта да 23,5%. Першы раз у 2013 годзе стаўка рэфінансавання была зніжана 13 сакавіка - з 30% да 28,5% гадавых (да гэтага стаўка не змянялася на працягу паўгода). Наступнае зніжэнне адбылося 17 красавіка - таксама на 1,5 працэнтнага пункта да 27% гадавых, а затым 15 мая - на 2 працэнтных пункта да 25% гадавых. У цэлым за 2013 год стаўку рэфінансавання планавалася знізіць да 13-15% гадавых. Разам з тым, як неаднаразова заяўлялі прадстаўнікі Нацбанка, дынаміка стаўкі рэфінансавання будзе залежаць ад макраэканамічнай сітуацыі.-0-
Навіны Беларусі (БЕЛТА)