Нацбанк Беларусі ўвёў пастаянную забарону на крэдытаванне фізасоб у замежнай валюце
27.12.20100 праглядаў
27 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальны банк Беларусі зняў часовыя абмежаванні на забарону крэдытавання фізічных асоб у замежнай валюце, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення інфармацыі - прэс-сакратар Нацыянальнага банка Анатоль Драздоў.
"Пастановай №557 Нацбанк унёс змяненні ў пастанову ад 14 ліпеня 2009 года №105, згодна з якімі ўводзіцца пастаянная забарона на крэдытаванне фізічных асоб у замежнай валюце", - сказаў ён.
Нагадаем, пастановай №105 "Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Інструкцыю аб парадку прадастаўлення (размяшчэння) банкамі грашовых сродкаў у форме крэдыту і іх вяртання ад 30 снежня 2003 года №226" да 1 студзеня 2011 года прыпынялася выдача фізічным асобам, за выключэннем індывідуальных прадпрымальнікаў, крэдытаў у замежнай валюце.
Анатоль Драздоў растлумачыў, што зроблена гэта ў мэтах дэдаларызацыі эканомікі, зніжэння валютных рызык для грамадзян і банкаўскай сістэмы краіны.
У Нацбанку лічаць, што ажыццяўленне банкамі крэдытавання грамадзян у замежнай валюце звязана з высокім узроўнем рызыкі, які тычыцца верагоднасці несвоечасовага пагашэння (невяртання) крэдыту і выплаты працэнтаў і іншых плацяжоў, належных па крэдытным дагаворы. Гэта абумоўлена нізкай фінансавай пісьменнасцю насельніцтва і няздольнасцю адэкватна ацэньваць рызыкі абслугоўвання крэдытаў у замежнай валюце. Асноўны даход насельніцтва - заработная плата, якая выплачваецца ў беларускіх рублях. Улічваючы, што курс беларускага рубля прывязаны да кошыка валют, ваганне курсаў можа пацягнуць падаражанне крэдытаў, што, у сваю чаргу, можа прывесці да праблем з іх вяртаннем. Таксама варта ўлічыць факт недаразумення грамадзянамі меры адказнасці пры ўступленні ў крэдытныя праваадносіны.
Забарона на крэдытаванне фізічных асоб у замежнай валюце дазваляе знізіць узровень рызык банкаў, звязаных з верагоднасцю несвоечасовага пагашэння (невяртання) крэдыту і выплаты працэнтаў і іншых плацяжоў, належных па крэдытных дагаворах. Дадзеная мера таксама рэалізавана ў мэтах павышэння сацыяльнай абароненасці грамадзян і павышэння фінансавай стабільнасці банкаўскай сістэмы Рэспублікі Беларусь.
Захады па абароне насельніцтва ад рызык атрымання валютных крэдытаў прымаюцца і ў іншых краінах. Да прыкладу, на сённяшні дзень ва Украіне дзейнічае забарона на крэдытаванне фізічных асоб у замежнай валюце, за выключэннем крэдытаў на лячэнне і навучанне за мяжой. Указаныя крэдыты прадастаўляюцца ў безнаяўным парадку і пералічваюцца адразу на рахункі нерэзідэнтаў. Забарона дзейнічае да 1 студзеня 2011 года. Паводле інфармацыйных агенцтваў Украіны, Нацыянальны банк Украіны падрыхтаваў законапраект аб поўнай забароне прадастаўлення крэдытаў фізічным асобам у замежнай валюце на спажывецкія патрэбы, у тым ліку на фінансаванне нерухомасці. У такіх краінах, як Расійская Федэрацыя, Казахстан, Латвія, забаронаў на прадастаўленне грамадзянам крэдытаў у замежнай валюце няма.
У Беларусі запазычанасць фізічных асоб па крэдытах на 1 студзеня 2010 года складала Br15955,45 млрд., у тым ліку ў замежнай валюце - Br3022,68 млрд. ($1057,3 млн.): на спажывецкія патрэбы - Br2038,93 млрд., на нерухомасць - Br983,75 млрд.
Запазычанасць фізічных асоб па крэдытах на 1 лістапада 2010 года склала Br20796,67 млрд., у тым ліку ў замежнай валюце - Br2056,01 млрд. ($682,8 млн.): на спажывецкія патрэбы - Br1237,84 млрд., на нерухомасць - Br818,17 млрд. Памер пратэрмінаванай і пралангаванай запазычанасці фізічных асоб на 1 лістапада 2010 года складаў Br107,470 млрд., у тым ліку па валютных крэдытах - Br77,748 млрд. ($25,8 млн.).
Удзельная вага пратэрмінаванай і пралангаванай запазычанасці па крэдытах у замежнай валюце ў агульным партфелі крэдытаў фізічных асоб у замежнай валюце складала на 1 студзеня 2010 года 2,3%, на 1 лістапада 2010 года - 3,8%.
Такім чынам, прыняцце пастановы №557 дазволіць узмацніць сацыяльную абароненасць насельніцтва, зняць напружанасць, звязаную з чаканнем адмены забароны крэдытавання фізічных асоб у замежнай валюце ў 2011 годзе, павысіць фінансавую стабільнасць банкаўскай сістэмы, праводзіць далейшыя мерапрыемствы, накіраваныя на дэдаларызацыю эканомікі.
БЕЛТА