26 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальны банк Беларусі абвяргае інфармацыю, якая з'явілася ў СМІ, аб тым, што камерцыйным банкам забаронена прадаваць насельніцтву наяўную замежную валюту праз абменныя пункты. Пра гэта паведамілі БЕЛТА ва ўпраўленні інфармацыі Нацбанка.
"У апошнія дні ў шэрагу беларускіх і замежных сродкаў масавай інфармацыі з'явіліся паведамленні аб тым, што Нацыянальны банк Беларусі нібыта забараніў камерцыйным банкам рэспублікі прадаваць насельніцтву наяўную замежную валюту праз абменныя пункты. Дадзеная інфармацыя абсалютна не адпавядае рэчаіснасці", - падкрэслілі ў Нацбанку.
Ліст Нацыянальнага банка ад 23 жніўня 2011 года №21-18/179 з прапановай разгледзець пытанне аб ажыццяўленні асобнымі абменнымі пунктамі і касамі, размешчанымі на тэрыторыі буйных гандлёвых цэнтраў і рынкаў, аперацый толькі па куплі наяўнай замежнай валюты з аплатай у наяўных беларускіх рублях з наступным накіраваннем гэтай валюты на продаж насельніцтву для аплаты ім сацыяльна значных патрэб, быў падрыхтаваны ў адпаведнасці са зваротам Асацыяцыі беларускіх банкаў і накіраваны ў адрас толькі шасці сістэмаўтваральных банкаў краіны.
Указанае рашэнне звязана, перш за ўсё, з неабходнасцю ўпарадкавання сітуацыі вакол абменных пунктаў, размешчаных у буйных гандлёвых цэнтрах і на рынках. Маніторынг паказвае, што ў гэтых месцах назіраюцца чэргі з тых, хто набывае валюту. Пры гэтым у чэргах практычна прысутнічаюць адны і тыя ж асобы, якія з вялікай доляй верагоднасці набываюць замежную валюту для наступнага яе продажу на нерэгулюемых сегментах валютнага рынку.
"Наяўнасць чэргаў ля абменных пунктаў не толькі перашкаджае нармальнай працы персаналу гандлёвых цэнтраў і рынкаў, але і стварае значныя нязручнасці для іх наведвальнікаў, - адзначылі ў Нацбанку. - У сувязі з гэтым буйным беларускім банкам, якія маюць пункты абмену валюты на тэрыторыі гандлёвых цэнтраў і рынкаў, дадзена права сумесна з кіраўніцтвам гэтых гандлёвых аб'ектаў вызначыцца - ці хочуць яны выкарыстоўваць прапанаваны ў лісце Нацбанка рэжым працы абменных пунктаў, і ў якіх канкрэтных абменных пунктах".
Усе астатнія абменныя пункты Беларусі, гэта значыць абсалютная большасць, будуць здзяйсняць аперацыі як па куплі, так і па продажы валюты.-0-
БЕЛТА
Нацбанк абвяргае інфармацыю аб забароне на продаж камерцыйнымі банкамі інвалюты насельніцтву
26.8.20110 праглядаў