9 верасня, Мінск /Вольга Беляўская - БЕЛТА/. Нацыянальны банк чакае, што валюта ў абменніках з'явіцца праз пару дзён пасля дадатковай сесіі на валютна-фондавай біржы. Пра гэта заявіў сёння ў інтэрв'ю нацыянальным тэлеканалам намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Тарас Надольны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Тарас Надольны адзначыў, што на дадатковай сесіі валютна-фондавай біржы банкі змогуць купляць валюту для абменных пунктаў без абмежаванняў. Пры ўсталяванні курсаў інвалют у абменніках банкі будуць арыентавацца на курсы, па якіх яны купілі гэту інвалюту на дадатковай сесіі.
На думку прадстаўніка Нацбанка, першы час, пакуль не ўсталюецца дакладны арыенцір раўнаважнага курса на дадатковай сесіі валютна-фондавай біржы, банкі будуць працаваць на абаротах і пры курсаўтварэнні будуць арыентавацца на курс дадатковай сесіі. "Нават калі яны не будуць купляць валюту непасрэдна для абменнікаў на біржы, але будуць усталёўваць курсы, арыентуючыся на дадатковую сесію, гэта будзе стымуляваць прыток валюты ў абменныя пункты", - упэўнены ён.
Тарас Надольны адзначыў, што, па ацэнках Нацбанка, валюта ў абменніках павінна з'явіцца праз пару дзён пасля дадатковай сесіі. "Я мяркую, што пару установачных дзён і валюта з'явіцца ў абменных пунктах, а пасля, калі будзе больш раўнаважны курс на дадатковай сесіі і не будзе значных ваганняў на працягу 1-2 гандлёвых сесій, то банкі будуць падмацоўваць абменныя пункты праз дадатковую гандлёвую сесію", - сказаў намеснік кіраўніка Нацбанка.
Адказваючы на пытанні журналістаў аб тым, якім Нацбанк чакае рынкавы курс беларускага рубля, Тарас Надольны адзначыў, што даць дакладную ацэнку пакуль немагчыма. "Курс будзе вышэйшы за дзеючы афіцыйны нейкі прамежак часу - гэта нармальная практыка для такога роду інструмента", - падкрэсліў ён. У далейшым чакаецца, што курс пачне зніжацца і паступова выраўнуецца. "Думаю, што наш гранічны максімальны курс, па якім будзе ажыццяўляцца інтэрвенцыя, не будзе значна адрознівацца ад сённяшняга афіцыйнага", - рэзюмаваў эксперт.-0-
БЕЛТА
Нацбанк чакае, што валюта ў абменніках з'явіцца праз пару дзён пасля дадатковай сесіі на валютна-фондавай біржы
9.9.20110 праглядаў