17 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Стаўка рэфінансавання ў Беларусі з 17 жніўня будзе зніжана на 2 працэнтныя пункты да 18% гадавых. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязей Нацбанка.
З 17 жніўня зніжаюцца стаўка рэфінансавання з 20% да 18% гадавых і стаўкі па пастаянна даступных і двухбаковых аперацыях Нацыянальнага банка па падтрымцы бягучай ліквіднасці банкаў з 25% да 23% гадавых.
Адпаведныя рашэнні прыняты праўленнем і камітэтам па грашова-крэдытнай палітыцы Нацыянальнага банка 3 жніўня зыходзячы з аналізу дынамікі інфляцыйных працэсаў, стану плацежнага балансу і яго бягучага рахунку, сітуацыі на валютным і фінансавым рынках рэспублікі.
У чэрвені інфляцыя запаволілася да 12,1% у гадавым выражэнні. Пры гэтым сярэднямесячны прырост спажывецкіх цэн у другім квартале 2016 года склаў 0,5% (у аналагічным перыядзе 2015 года - 0,8%). Падобную тэндэнцыю паказвае таксама трэндавая інфляцыя, агрэгіраваны паказчык якой знізіўся ў чэрвені 2016 года ў параўнанні з чэрвенем 2015-га да 10,3%.
Дынаміка грашовых агрэгатаў фарміруе ўмовы для далейшага зніжэння інфляцыі. Прырост сярэдняй шырокай грашовай масы ў чэрвені ў гадавым выражэнні склаў 14,1%.
"Зафіксаванае ў першым паўгоддзі бягучага года пашырэнне дэфіцыту рахунку бягучых аперацый плацежнага балансу было абумоўлена перш за ўсё пагаршэннем умоў гандлю энергетычнымі таварамі і падзеннем попыту на калійныя ўгнаенні. Пры гэтым у сферы знешнеэканамічнай дзейнасці, якая не залежыць ад кан'юнктурных фактараў, захоўваецца пазітыўны ўплыў мер эканамічнай карэкціроўкі", - адзначылі ў Нацбанку.
Спецыялісты канстатавалі, што з лютага фарміруецца чыстая прапанова замежнай валюты на ўнутраным валютным рынку, у тым ліку ў сегменце прадпрыемстваў.
Адбываецца паляпшэнне структуры дэпазітнага рынку, перш за ўсё за кошт пераарыентацыі ўкладчыкаў на неадклікальныя дэпазіты з больш працяглымі тэрмінамі.
"Зніжэнне працэнтных ставак палепшыць здольнасць нефінансавых арганізацый па выкананні крэдытных абавязацельстваў перад банкамі, паменшыўшы такім чынам рызыкі для фінансавай стабільнасці", - растлумачылі ў Нацбанку.
Магчымасці прыняцця далейшых рашэнняў Нацыянальнага банка ў галіне працэнтнай палітыкі будуць вызначацца зыходзячы з адпаведнасці дынамікі інфляцыі прагнозным траекторыям, стану плацежнага балансу і яго асобных складнікаў.-0-