13 чэрвеня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Намінацыйнае дасье Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, прадстаўленае ў пачатку 2013 года ў конкурсны камітэт на прэмію ЮНЕСКА Чыкчы, адабрана ў short list асноўных прэтэндэнтаў на яе. Рашэнне аб прысуджэнні прэміі плануецца прыняць на наступным тыдні, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў пасольстве Беларусі ў Парыжы.
Гэта і іншыя пытанні абмеркаваны 12 чэрвеня ў штаб-кватэры ЮНЕСКА ў Парыжы на сустрэчы Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла, пастаяннага прадстаўніка Беларусі пры ЮНЕСКА Паўла Латушкі і намесніка міністра культуры Беларусі Васіля Чэрніка з намеснікам генеральнага дырэктара ЮНЕСКА па пытаннях камунікацыі і інфармацыі Янісам Каркліньшам.
У пасольстве падкрэслілі, што прэмія Чыкчы ўручаецца з 2005 года за важкі ўклад у выкананне задач праграмы "Памяць свету". "Чыкчы" - анталогія вучэнняў дзен вялікіх будыйскіх святароў - самы старажытны дакумент (1377 года) з выкарыстаннем шрыфта з рухомых металічных літар. Другі том "Чыкчы" захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Францыі, першы том не знойдзены і ўключаны ў рэестр ЮНЕСКА "Памяць свету".
Беларускі бок ініцыяваў абмеркаванне пытання пашырэння прысутнасці дакументальнай спадчыны Беларусі ў рэгістры ЮНЕСКА "Памяць свету", а таксама разгляд магчымасці падачы беларускай заяўкі на атрыманне статусу "Сусветная сталіца кнігі 2017".
Павел Латушка праінфармаваў намесніка генеральнага дырэктара ЮНЕСКА Яніса Каркліньша аб планах правядзення ў 2014 годзе ў штаб-кватэры ЮНЕСКА мерапрыемстваў, прысвечаных 60-годдзю ўступлення Беларусі ў ЮНЕСКА: арганізацыя выступлення беларускага калектыву, выставы архіўных матэрыялаў і іншых культурных падзей.
Яніс Каркліньш падтрымаў ідэю арганізацыі юбілейных мерапрыемстваў Беларусі ў штаб-кватэры ЮНЕСКА, а таксама даў высокую ацэнку ўзроўню супрацоўніцтва сектара камунікацыі і інфармацыі сакратарыята ЮНЕСКА з Беларуссю, запэўніў у далейшай падтрымцы беларускіх ініцыятыў.-0-