Нацыянальная бібліятэка Беларусі перадасць Полацкаму дзяржаўнаму ўніверсітэту факсімільнае выданне "Кніжная спадчына Францыска Скарыны". Урачыстая цырымонія адкрывае 12 лістапада серыю аналагічных мерапрыемстваў у рэспубліцы, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА намеснік дырэктара Віцебскай абласной бібліятэкі імя Леніна Вольга Камендантава.

Полацк, радзіма знакамітага асветніка і першадрукара, стаў першым горадам, які атрымае ў падарунак першыя 5 тамоў адноўленага шэдэўра. Затым выданне будзе перададзена ў бібліятэкі ўсіх раёнаў Віцебскай вобласці.
З 2013 года Нацыянальная бібліятэка Беларусі сумесна з Банкам БелВЭБ рэалізуе агульнанацыянальны праект па выпуску факсімільнага выдання поўнага збору кніг Францыска Скарыны. За першы год рэалізацыі праекта пяць тамоў ужо выйшлі ў свет. Увесь выдавецкі праект разлічаны да 2017 года і прымеркаваны да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.
Шматтомнае факсімільнае выданне дазволіць сабраць поўны рэпертуар кніг, якія былі надрукаваны Францыскам Скарынам у Празе (1517-1519) і Вільні (1522-1525). У яго аснову пакладзены электронныя копіі найбольш захаваных кніг першадрукара, якія знаходзяцца ў бібліятэках Беларусі, Расіі, Украіны, Германіі і іншых краін. Усе выданні суправаджаюцца каментарамі вучоных, а таксама ўпершыню ажыццёўленымі перакладамі прадмоў і пасляслоўяў Скарыны на сучасныя беларускую, рускую і англійскую мовы. Такім чынам, факсімільнае аднаўленне дазволіць пазнаёміць шырокую грамадскасць з адным з найбольш каштоўных скарбаў кніжнай культуры Беларусі.
Навіны Беларусі (БЕЛТА)