4 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Савет Міністраў зацвердзіў Нацыянальную праграму падтрымкі і развіцця экспарту Беларусі на 2016-2020 гады і дарожную карту мерапрыемстваў па яе рэалізацыі. Гэта прадугледжана пастановай №604 ад 1 жніўня 2016 года, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе ўрада.

"У Нацыянальнай праграме не прадугледжваецца дэталізацыя прагнозных паказчыкаў знешняга гандлю на 2016-2020 гады, а вызначаюцца канкрэтныя меры падтрымкі экспарту, якія маюць канчатковую мэту - дыверсіфікаваць і нарасціць аб'ёмы экспарту", - растлумачылі ў прэс-службе.

Праграма накіравана на дасягненне росту, развіццё і дыверсіфікацыю нацыянальнага экспарту, у першую чаргу інавацыйнага і высокатэхналагічнага, павышэнне эфектыўнасці сістэмы дзяржаўнай падтрымкі экспарту. Выкананне мерапрыемстваў дарожнай карты будзе спрыяць павелічэнню аб'ёмаў экспарту прадукцыі з высокай дабаўленай вартасцю, сучасных матэрыялаў і гатовых вырабаў з палепшанымі ўласцівасцямі, развіццю экспарту тэхнічна і тэхналагічна складанай прадукцыі, а таксама павелічэнню экспарту навукаёмістых і інтэлектуальных паслуг (інжынірынгавых, тэхнічных, камп'ютарных, адукацыйных).

Дасягненне асноўных мэт праграмы, а таксама стварэнне спрыяльных умоў для выканання другога этапу (2021-2030 гады) Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі да 2030 года дазволяць забяспечыць планамерную дыверсіфікацыю экспарту для роўнага размеркавання экспартных паставак паміж трыма рынкамі: ЕАЭС, ЕС і іншымі краінамі, у тым ліку краінамі далёкай дугі (краіны Азіі і Акіяніі, Афрыкі і Блізкага Усходу, Лацінскай Амерыкі), якое да 2020 года павінна скласці суадносіны трэць - трэць - трэць.

Пры гэтым плануецца рост удзельнай вагі экспарту тавараў на новыя перспектыўныя рынкі ў агульным аб'ёме экспарту тавараў да 10% да 2020 года.