11 лістапада, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Навукова-практычная група для працы з прафесійнымі спартсменамі створана пры ўдзеле Віцебскага абласнога дыспансера спартыўнай медыцыны, расказала карэспандэнту БЕЛТА галоўны ўрач установы Іраіда Дзеркач. У склад групы ўвайшлі навукоўцы Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта, практыкуючыя ўрачы спартыўнай медыцыны. Галоўнай мэтай групы з'яўляецца ўкараненне інавацыйных тэхналогій у працы са спартсменамі: вызначэнне генетычных схільнасцей да тых ці іншых відаў фізічнай нагрузкі, ацэнка стану здароўя спартсменаў па біяхімічных параметрах і рэкамендацыя аптымальнага трэніровачнага працэсу, аказанне псіхалагічнай дапамогі. Як лічыць суразмоўца, шырокае ўкараненне інавацыйных медыцынскіх тэхналогій дазволіць зрабіць падбор перспектыўных дзяцей для заняткаў спортам больш якасным і паменшыць затраты на падрыхтоўку высокакласных спартсменаў. У абласным дыспансеры дзейнічаюць два аддзяленні: спартыўнай медыцыны і аднаўленчага лячэння. Непасрэдна ў дыспансеры назіраюцца 7,9 тыс. спартсменаў - ад вучняў дзіцяча-юнацкіх школ да прафесіяналаў, уключаных у склад нацыянальнай зборнай. Назіранне і агляды прафесіяналаў падчас дэцэнтралізаванай падрыхтоўкі праходзяць у цесным кантакце з іх трэнерамі і ўрачамі зборных. У склад нацыянальных зборных Беларусі ўваходзяць 329 спартсменаў Віцебшчыны. Падрыхтоўку да маючых адбыцца Алімпійскіх гульняў вядуць больш за 40 з іх. У вобласці працуюць 59 ДЮСШ, два вучылішчы алімпійскага рэзерву ў Віцебску і Наваполацку, школа вышэйшага спартыўнага майстэрства і цэнтр алімпійскага рэзерву па конным спорце і конегадоўлі ў Барані. У гэтых установах займаюцца звыш 20 тыс. дзяцей. Назіранне за іх станам здароўя ажыццяўляюць урачы з тэрытарыяльных медыцынскіх устаноў, якім арганізацыйна-метадычную дапамогу аказваюць прафесіяналы з абласнога дыспансера. У дыспансеры працуюць 25 урачоў, з якіх 10 з'яўляюцца ўрачамі спартыўнай медыцыны. -0-

БЕЛТА